На ўкраінскіх дарогах цяпер складваецца спакойнае становішча, заявіў дэпутат Беразанскай раённай рады Нікалаеўскай вобласці Украіны Мікалай Шарамецьеў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 11 красавіка.

«Цяпер міліцыя на месцы. Я прыехаў (у Беларусь. БелаПАН), даішнікаў няма, але ёсць пасты ДАІ», — сказаў ён.

Інцыдэнт з абстрэлам беларускага мікрааўтобуса пад Роўна, які адбыўся ў канцы лютага, «адзінкавы выпадак», кажа дэпутат.

«Гэта не можа гаварыць аб сістэме. Ці мала каму ў галаву прыйшло. Гэта можна дзе заўгодна ўбачыць», — сказаў Шарамецьеў.

Ён адзначыў, што статыстычныя звесткі аб крымінальным становішчы ва Украіне цяпер, як правіла, не параўноўваюць з леташнімі лічбамі. «Яна (крымінальная статыстыка. — БелаПАН.) заўсёды была і ёсць. Мы павінны разумець, што крымінал ёсць у любой краіне», — сказаў Шарамецьеў.

У той жа час ён выказаў меркаванне, што ва Украіне неабходна стварыць сістэму абвяшчэння і кантролю на дарогах.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар беларускай транспартна-турыстычнай кампаніі «Віраж М» Віталь Міцкевіч, за апошнія пяць месяцаў кампанія ажыццявіла каля 360 выездаў на тэрыторыю Украіны і дагэтуль штодзённа ажыццяўляе па дзве паездкі ў кіеўскія аэрапорты. «Ніводнага здарэння не было, хаця спачатку жонкі адпраўлялі вадзіцеляў як на вайну, збіраючы ў дарогу ледзь ці не бронекамізэлькі», — сказаў ён.

Самай сур`ёзнай праблемай, з якой сутыкнуліся беларускія вадзіцелі ва Украіне, сталі двухгадзінныя пробкі, што ўзнікалі з-за вялікай колькасці турыстаў у Межыгор`і, дзе размешчана рэзідэнцкая адхіленага ад улады прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

У той жа час прадстаўнікі беларускіх турфірм выказалі заклапочанасць іміджам Украіны, указваючы на тое, што беларускія грамадзяне адмаўляюцца ад пуцёвак ва Украіну і іншыя краіны, калі аўтобусны маршрут праходзіць па ўкраінскай тэрыторыі. Падчас прэс-канферэнцыі прадстаўнікі турфірм звярнуліся да ўкраінскага пасольства з просьбай абвергнуць інфармацыю аб небяспецы ўкраінскіх дарог на беларускім тэлебачанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?