Прафсаюзы і арганізацыі працадаўцаў Францыі заключылі пагадненне, якое забараняе працадаўцам турбаваць сваіх супрацоўнікаў пасля заканчэння працоўнага дня, перадаюць інфармагенцтвы.

З гэтага часу работнікі кампаній могуць не адказваць на дзелавыя тэлефанаванні або электронныя паведамленні па-за працоўным часам (да 9.00 і пасля 18.00). Больш за тое работнікам рэкамендавана выключаць рабочыя смартфоны пасля сыходу з офіса і не адчыняць электронную пошту. У выніку больш за мільён грамадзян Францыі, якія працуюць у кансалтынгу і іншых сферах, наўпрост звязаных са званкамі і перапіскай, цяпер пазбавяцца «лічбавага» працоўнага часу.

Згодна з заканадаўствам, у Францыі працоўны тыдзень абмежаваны 35 гадзінамі. Аднак за кошт смартфонаў і іншых мабільных прылад працадаўцы нярэдка спрабуюць вырашыць працоўныя пытанні са сваімі супрацоўнікамі ў вячэрні час або ў ранішні — да пачатку працоўнага дня. У выніку працягласць працоўнага тыдня набліжаецца да 40 гадзін.

Францыя вядомая строгім захаваннем працоўнага заканадаўства, дзе з 21.00 да 6.00 праца забаронена. Раней кампанія Apple ужо была аштрафаваная за тое, што прымушала працаваць сваіх супрацоўнікаў па начах.

Падобныя меры ўкараняюць буйныя кампаніі і ў іншых краінах. Напрыклад, нямецкі канцэрн Volkswagen наладзіў свае паштовыя серверы такім чынам, што супрацоўнікі не могуць атрымліваць дзелавую электронную пошту, калі да канца іх працоўнага дня засталося 30 хвілін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0