Крымінальная справа за крадзеж у асабліва буйным памеры заведзеная на дырэктара слонімскага адкрытага акцыянернага таварыства, паведамілі ва ўпраўленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Гродзенскай вобласці.

Праверку законнасці налічэння і выплаты зарплаты дырэктару слонімскага ААТ супрацоўнікі ўпраўлення правялі ў сакавіку 2014 года. Іх цікавіла, наколькі абгрунтавана былы кіраўнік акцыянернага таварыства на працягу 2011-2014 гадоў атрымаў вялікія дадатковыя выплаты.

Работнікі фінансавай міліцыі вывучылі дакументы, якія рэгламентуюць парадак аплаты працы дырэктара таварыства, і выявілі, што ў лістападзе 2011 года з'явілася дадатковае пагадненне да працоўнага кантракту кіраўніка, згодна з якім ўмовы аплаты яго працы былі зменены ў бок істотнага павелічэння. Працэдура была праведзена ўпотай ад назіральнага савета акцыянернага таварыства, хоць павінна была быць разгледжана на яго пасяджэнні. У выніку дырэктар штомесяц атрымліваў дадатковыя кампенсацыйныя і стымулюючыя выплаты, а таксама штогадовыя шматмільённыя выплаты ў выглядзе бонусаў. За тры гады сума незаконных выплат склала Br182 млн.

Па выніках праверкі ў дачыненні да кіраўніка прадпрыемства распачата крымінальная справа па ч.4 арт.210 КК РБ (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў асабліва буйным памеры). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?