Беларускія турыстычныя кампаніі разглядаюць магчымасць арганізацыі ахоўнага суправаджэння аўтобусаў падчас паездак на тэрыторыі Украіны.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 11 красавіка генеральны дырэктар туркампаніі Solvex Аксана Бічун, беларускія турысты адмаўляюцца ад аўтобусных тураў у Балгарыю, калі маршрут праходзіць па тэрыторыі Украіны, а не Польшчы.

Асаблівую трывогу дырэктар турфірмы выказала наконт развіцця сітуацыі ва Украіне пасля прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 25 мая.

«Сезон пачынаецца ў чэрвені, таму ўсе нашы дзеянні, якія будуць звязаны з развіццём бяспекі ў краіне, могуць быць развеяны ўшчэнт. Мы сёння не ўпэўнены ў тым, што будзе ў краіне пасля выбараў», — адзначыла яна.

На думку Бічун, калі Украіна не ажыццявіць ніякіх дзеянняў, то можа страціць беларускі рынак. 

«Мы гатовы сёння заплаціць за міліцэйскае суправаджэнне, каб на мяжы нашы аўтобусы сустракалі і суправаджалі. Вы можаце гарантаваць нам бяспеку такім чынам», — прапанавала яна прадстаўнікам украінскага пасольства ў Беларусі.

«Мы выбудавалі свае графікі, але мы не ведаем, што будзе пасля выбараў. Мы занепакоены і сёння дадаткова акрэдытуемся ў еўрапейскіх пасольствах, атрымліваем дадатковыя транзітныя візы, таму што рыхтуемся да самага горшага — што мы праз Украіну не паедзем», — адзначыла Бічун.

Як расказала дырэктар турыстычнай фірмы «Каў-Тур» Ала Клокава, прадстаўнікі адной з гасцініц Чарнаўцоў выказалі гатоўнасць забяспечыць платныя паслугі па ахоўным суправаджэнні беларускіх турыстычных аўтобусаў, калі яны будуць ехаць цэнтралізаванай калонай.

Акрамя таго, паводле слоў прадстаўніка ўкраінскага санаторна-курортнага комплексу «Трускавец» Алега Рэгі, ва Украіне працуе дзяржаўная служба аховы, якая легальна прадастаўляе паслугі па ўзброенай ахове транспарту.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?