Былы намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Волкаў, працэс над якім пачаўся 14 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, не прызнаў сябе вінаватым у выстаўленых яму злачынствах, прадугледжаных часткай 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядае суддзя суда Маскоўскага раёна Наталля Кузняцова.
Волкаў абвінавачваецца ў тым, што, з'яўляючыся службовай асобай, на працягу 2013 года прымаў матэрыяльныя каштоўнасці за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю, у прыватнасці звязаных з увозам і вывазам вуглевадароднай сыравіны і прадуктаў яе перапрацоўкі.
Згодна з абвінавачваннем, хабар Волкаў атрымліваў з 26 лютага па 7 кастрычніка 2013 года ў сваім службовым кабінеце за вырашэнне пытанняў аб экспарце бітуму ў інтарэсах шэрагу камерцыйных арганізацый. Першы хабар быў ім атрыманы 26 лютага ад прадстаўніка ТАА «Тэра». Усяго за восем разоў ім было атрымана 22 тыс. долараў, апошні раз — 7 кастрычніка.
Перад допытам сведак Волкаў звярнуў увагу суда на тое, што ў зале знаходзіцца высокапастаўлены прадстаўнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС. На думку Волкава, «яго прысутнасць можа паўплываць на паказанні сведак». «Гэта маё ўнутранае перакананне», — заявіў Волкаў. Аднак суд адхіліў заяўленае абвінавачаным хадайніцтва.