У дачыненні да былога першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Беларусі Фёдара Лісіцы распачата крымінальная справа, паведамілі ў Генпракуратуры.
«Генеральнай пракуратурай паводле вынікаў сумеснай праверкі, праведзенай з ДМК, КДБ і МУС, 9 красавіка 2014 года распачата крымінальная справа на падставе ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненні да былога першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Беларусі, які падазраецца ў незаконных набыцці зямельнага ўчастка, будаўніцтве і прыватызацыі жылога дома, нямэтавым выкарыстанні бюджэтных сродкаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Для папярэдняга расследавання крымінальная справа накіравана ў Следчы камітэт Беларусі.
Фота БелаПАН.
Як паведамлялася раней, Лісіца вызвалены ад пасады першага намесніка міністра згодна з пастановай Савета міністраў № 307 ад 4 красавіка. Ён звольнены «ў сувязі з невыкананнем абмежаванняў, звязаных з дзяржаўнай службай (на падставе падпункта 1.4 пункта 1 артыкула 40 закона ад 14 чэрвеня 2003 года «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь»)».
51-гадовы Лісіца займаў пасаду першага намесніка міністра з 2010 года.