24 красавіка ў клубе Tarantino (Кастрычніцкая, 5, зваротны бок КЗ «Мінск») адбудзецца ўручэнне прафесійных музычных узнагарод RockProfi па выніках 2013 года. Ужо вядома, што прыз у намінацыі «За ўнёсак« атрымае «Крама», якая з гэтай нагоды зайграе 60-хвілінны сэт.

Прэмія Rock Profi ладзіцца сярод музыкаў у стылістыцы рок, інды, альтэрнатыва другі год запар. Ад іншых цырымоній яна адрозніваецца тым, што найлепшыя песні, альбомы, запісы і найбольш паспяховых артыстаў у яе межах абіраюць не журналісты, прамоўтэры і прадусары, а тыя, хто непасрэдна стварае музыку. У гэтым годзе ў журы ўзялі ўдзел 46 выканаўцаў і гуртоў, якія выдавалі паўнафарматнікі ў 2011-2013 гадах.

Ужо вядомы першы пераможца – гурт «Крама», якому большасць музыкаў аддалі свае галасы ў намінацыі «За ўнёсак» у сувязі з 20-годдзем дэбютнага альбома «Хворы на рок-н-рол» (1993). Гэта адзін з найбольш уплывовых дыскаў у гісторыі беларускай рок-музыкі, які падараваў нам хіты «Хворы на рок-н-рол», «Бяжы, хлопец», «Выпі са мной да дна», «Будзь разам з намі». Як не дзіўна, але першапачаткова ён быў запісаны на англійскай.

– Мы мелі на руках некалькі гатовых песень на беларускай, але магчымасці запісаць цэлы альбом не было, – распавядае вакаліст «Крамы» Ігар Варашкевіч. – Потым праз сяброў мы пазнаёміліся з англічанінам Нэлам, які наогул займаўся матацыкламі. Але яму настолькі спадабаліся нашыя песні, што ён вырашыў адкрыць пад нас у Англіі лэйбл і даў нам грошы на запіс англамоўнага альбома.

Мы прапісалі трэкі ў Мазыры, а потым аддалі на звядзенне і мастарынг у Англію. Паралельна цішком ад англічан скапіравалі запісы, дапісалі да іх вакал на беларускай і вось такім чынам атрымаўся «Хворы на рок-н-рол».

А англамоўныя запісы потым выйшлі ў Англіі ў выглядзе альбома «Vodka On Ice». Яго прасоўванне правалілася праз тое, што нам не далі дазволу на працу, каб мы маглі прыехаць з канцэртамі. Але калі б не гэты праект, дык хто яго ведае, калі і як бы выйшаў наш першы дыск.

У межах цырымоніі «Крама» дасць гадзінны настальгічны канцэрт. Намінанты ў астатніх пяці катэгорыях Rock Profi будуць абвешчаны на гэтым тыдні. Прэмію ладзяць студыя «Осмас» і партал Experty.by пры падтрымцы паб-клуба «Графіці».

Пачатак у 19.00. Квіткі ў продажы з 17 красавіка: танцпол – 80 тыс. руб. (у касах Kvitki.by), столік – 100 тыс. руб. (у клубе). Даведка: 377 80 00 (vel, мтс).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0