Учора ў Мінску адчынілася 13-я па ліку гасцініца — адна з тых, якія будаваліся з прыцэлам на майскі чэмпіянат свету па хакеі. Упершыню ва ўрачыстай цырымоніі браў удзел Аляксандр Лукашэнка. Таму ёсць два тлумачэнні. Па-першае, гатэль адкрыўся пад вядомым міжнародным брэндам, па-другое, аб'ект пабудавала кампанія яго сябра Міхаіла Гуцырыева.
4-зоркавая гасцініца «Рэнесанс Мінск» размяшчаецца ў пачатку праспекта Дзяржынскага. Эксплуатаваць гасцініцу пад брэндам міжнароднай кампаніі Marriot International будзе беларуская «дачка» расейскай кампаніі «Моспромстрой-Отэль», якая падкантрольная расейскаму мільярдэру Гуцырыеву.
Новая гасцініца мае больш за 260 сучасных нумароў усіх катэгорый (ад стандартнага да прэзідэнцкага люкса) і разлічана на 390 месцаў. Да паслуг кліентаў гатэля — некалькі канферэнц-залаў, а таксама крыты басейн, фітнес-цэнтр, рэстаран. У кожным гатэлі брэнда «Рэнесанс» ёсць нешта, што адлюстроўвае нацыянальны каларыт. У мінскім гатэлі гэта матывы беларускай прыроды, у тым ліку Белавежскай пушчы, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
14 красавіка Аляксандр Лукашэнка разам з Міхаілам Гуцэрыевым перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку і такім чынам адкрылі гатэль. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з гатэлем, умовамі пражывання тут гасцей. На перыяд правядзення чэмпіянату свету тут размесцяцца дэлегацыі шасці краін-удзельніц: хакейныя каманды Канады, Нарвегіі, Славакіі, Даніі, Чэхіі і Швецыі.
Лукашэнка падчас наведвання гатэля, калі гаворка зайшла аб якасці прадукцыі, даў высокую ацэнку айчынным таварам. Паводле яго слоў, беларуская прадукцыя, «можа быць, не заўсёды вельмі прыгожа запакаваная, як на Захадзе, але па якасці — гэта тое, чаму Еўропе трэба вучыцца». Што тычыцца мэблі, то нядрэнна было б укамплектаваць новыя гатэлі беларускай прадукцыяй, адзначыў прэзідэнт. У гатэлі працуе інтэрнацыянальная каманда прафесіяналаў. У час размовы з інвестарамі, кіраўніцтвам гатэля на тэму падрыхтоўкі гасцінічнага персаналу прэзідэнт Беларусі сказаў, што беларусам варта пераймаць досвед замежных калег.
Ні для каго не сакрэт, што паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Міхаілам Гуцарыевым ужо даўно склаліся трывалыя сяброўскія адносіны. Гуцарыеў праз падкантрольную яму «РуссНефть» пастаўляе чорнае золата на беларускія НПЗ для перапрацоўкі. У кастрычніку 2011 года падкантрольная Гуцырыеву кампанія GCM Global Energy Plc падпісала пагадненне з урадам Беларусі аб будаўніцтве горна-абагачальнага комплексу па вытворчасці калійных угнаенняў з аб'ёмам інвестыцый не менш за 1,5 млрд даляраў і праектнай магутнасцю не менш як 1,1 млн тон хлорыстага калію ў год. У адным са сваіх інтэрв'ю бізнэсмен прызнаўся, што ў 2007 годзе ўцякаў з Расеі ў Лондан праз Мінск. У студзені 2010 года з Гуцырыева было знята апошняе абвінавачванне, а крымінальная справа ў дачыненні да яго спынена, што зрабіла магчымым добраахвотнае вяртанне мільярдэра ў Расію.