Пракуратура Мінска апратэставала рашэнне Мінгарвыканкама №2405 ад 11 жніўня 2011 года «Аб уладкаванні на адкрытых пляцоўках унутрыдваровых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў пакрыццяў для часовага размяшчэння асабістых аўтамабіляў грамадзян», паведаміла прэс-сакратар Цэнтра экалагічных рашэнняў Вольга Астаповіч.
У адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама адміністрацыі кожнага раёна сталіцы павінны былі вызначыць унутрыдваровыя тэрыторыі шматкватэрных жылых дамоў для ўладкавання на іх пакрыццяў для часовага размяшчэння аўтамабіляў. Так, у 2014 годзе ў кожным раёне павінна з'явіцца па 2 тыс. парковачных пляцовак для размяшчэння ад 5 да 50 аўто.
Як растлумачыў супрацоўнік энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў Павел Гарбуноў, у рашэнні нумар 2405 выкарыстоўваецца тэрмін «пляцоўкі для часовага размяшчэння аўтамабіляў», які не мае заканадаўчага замацавання. Гэта дае магчымасць будаваць такія паркоўкі без належнага ўзгаднення з органамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, органамі нагляду за будаўніцтвам, органамі, якія адказваюць за бяспеку руху. Вынікам таго стала тое, што ў Мінску пачалі з'яўляцца паркоўкі, размешчаныя занадта блізка да дамоў, дзіцячых пляцоўках, такія, заезд на якія ажыццяўляецца па тратуарах. Акрамя таго, стварэнне такіх парковак фактычна праводзілася без грамадскага абмеркавання з усімі жыхарамі двара, абмяркоўвалася толькі з зацікаўленымі аўтаўладальнікамі.
У выпадку адмены рашэння нумар 2405 будаўніцтва парковак павінна будзе праходзіць у абавязковым парадку толькі ў рамках добраўпарадкавання, а значыць, пры абавязковым грамадскім абмеркаванні з удзелам усіх жыхароў двара, з распрацоўкай паўнацэннай узгодненай дакументацыі, праверкай яе на адпаведнасць усім устаноўленым нарматывам.-