Аказанне бытавых паслуг на вёсцы — праблема з праблем. Не імкнецца асабліва сюды прыватнік: цяжка, малапрыбыткова. Насельніцтва пажылое і не самае багатае. Але з нядаўніх часоў прадпрымальнікі, якія адважыліся ўзяцца за гэтую справу, могуць прэтэндаваць на атрыманне датацый на аднолькавых з дзяржпрадпрыемствамі ўмовах.

- У некаторай ступені такія ўмовы, несумненна, паспрыяюць цікавасці бізнэсу да сяла, — кажа прадпрымальнік з Лельчыц Валянцін Буткоўскі. Дзесяць гадоў таму, разлічваючы толькі на сябе, ён ускінуў на свае плечы адказнасць за ўвесь комплекс бытавых паслуг палескага рэгіёна. І, што называецца, «вывеў у людзі».

Ураджэнец Нараўляншчыны Валянцін Буткоўскі пасля заканчэння Інстытута культуры прыехаў у самы аддалены куток Гомельшчыны. Ініцыятыўны малады чалавек адразу быў заўважаны: пабачылі яго лідарскія якасці і прызначылі дырэктарам раённага Дома культуры. Затым была паспяховая камсамольская, партыйная і савецкая праца, з'явілася сям'я, дзеці. Але з распадам СССР жыццё, прызнаецца Валянцін Пятровіч, «кінула пад адхон»…

Думка пачаць сваю справу вярэдзіла душу даўно. Сфера рытуальных паслуг была тады — неаранае поле. Замовіць помнікі ў іншых раёнах і даставіць — не кожнаму ў маленькім мястэчку пад сілу, а свая вытворчасць магла дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы. Рызыкнуў паспрабаваць. У 1995 годзе стаў апрацоўваць камень. Неўзабаве зразумеў, што гэты занятак яму падабаецца, ды і пракарміць у цяжкі час зможа.

Тады многія палешукі не разумелі: навошта майстравы мужык мучыцца, займаецца такой працаёмкай справай? Пілі сабе спакойна дошку, як усе робяць, і вязі ва Украіну, адтуль - цукар: рэальны навар. Але потым, калі з дошкай пачаліся праблемы, а ў яго справы пайшлі ў гару, загаварылі: бачыш, усё ж такі ён меў рацыю.

Тым часам прадукцыя Буткоўскага хутка ішла ў рэалізацыю, з'явіўся прыбытак. Вытворчасць пашыралася, абнаўлялася, мадэрнізавалася, набывалася сучаснае абсталяванне. Наладзілі выязны гандаль. Вырабы карысталіся попытам у Мінску. Затым у Мазыры і Лельчыцах крамы адкрылі. Штогод павялічвалася колькасць працоўных месцаў. У 2003-м ужо было занята 230 чалавек і тады ж створана ПГВУП «В. П. Буткоўскі». У 2006 годзе прадпрымальнік увёў у эксплуатацыю новы цэх па вытворчасці вырабаў з граніту і мармурова-гранітнай крошкі, укараніў новыя тэхналогіі, што дазволіла яму пашырыць спектр новых вырабаў.

І калі ўсё атрымалася годна, праца была наладжана, цяжкасці пераадоленыя, Буткоўскі…засумаваў. Аднойчы звярнуў увагу на аказанне бытавых паслуг: горш сітуацыі, чым тут, проста не магло быць. Прыняў рашэнне: буду займацца «бытоўкай».

Усё гэта адбывалася на вачах і ў Людмілы Цішкоўскай, цяпер дырэктара філіяла № 1 ПГВУП «В. П. Буткоўскі». Яна ўспамінае: мясцовая «бытоўка» ішла на дно, і ў гэты цяжкі час яе падхапіў Валянцін Пятровіч. У 2003 годзе Буткоўскі выкупляе трыкатажны цэх былога КБА ва ўласніка — немца Мюлера, які не вельмі ўдала спрабаваў наладзіць тут бізнэс. Робіць у ім рамонт і адкрывае Дом побыту, дзе наладжвае вытворчасць трыкатажных вырабаў, рамонт абутку і складанабытавой тэхнікі, мэблі, пачынаюць працаваць хімчыстка і цырульня. Для поўнага фарміравання сферы бытавых паслуг на вёсцы і выканання сацыяльных стандартаў у раёне была створана сетка з 14 комплексна-прыёмных пунктаў. Усё гэта, вядома, палегчыла жыццё людзей, ім сталі даступныя сацыяльна значныя віды паслуг.

- Безумоўна, сэрца нашага прадпрыемства — рытуал, камень, — кажа Людміла Мікалаеўна. — Аднак і за наш філіял не сорамна. Працуем хоць з невялікім, але прыбыткам. Людзі стабільна атрымліваюць заробак, сацыяльна абароненыя.

Сёння ў структуру прадпрыемства ўваходзіць 15 цэхаў і падраздзяленняў, якія аказваюць звыш за 20 відаў паслуг. Тут працуюць больш за 300 чалавек. Заробак для глыбінкі прыстойны: у сярэднім за 2013 ён склаў 4,5 млн рублёў. Асабліва заахвочваецца прафесіяналізм — асобныя высакакласныя спецыялісты на высокатэхнічных працэсах атрымліваюць дзесьці 14-15 мільёнаў рублёў.

Усе супрацоўнікі — члены прафсаюза работнікаў розных форм прадпрымальніцтва «Садружнасць». Наймальнік стварае для іх годныя ўмовы працы, падтрымлівае прафарганізацыі. Прынята калектыўная дамова, якая выконваецца ў поўным аб'ёме. Прафсаюз таксама прыкладае намаганні, каб калектыў не толькі добра працаваў, але і быў актыўны ў грамадскім жыцці, сумесным адпачынку. Вялікая ўвага надаецца ахове працы.

Вядома, не бывае без праблем. Вырасла канкурэнцыя, рытуальны рынак перанасычаны прапановамі. Дарэчы, на бытавых і рытуальных паслугах Валянцін Пятровіч не спыніўся. «Каб не стала сумна» развіў сваю гандлёвую сетку, грамадскае харчаванне, адкрыў аб'екты прыдарожнага сэрвісу, набірае сілу аграэкатурызм. Арганізаваў паляўнічую гаспадарку, дзе пакуль, як кажа, больш пытанняў, чым поспеху — значыць, ёсць над чым працаваць. Адкрыў у Лельчыцах турыстычнае агенцтва, а для мясцовай дзятвы — дзіцячую пляцоўку з атракцыёнамі.

Прадпрымальнік нямала зрабіў для развіцця і добраўпарадкавання горада. У яго планах — удасканаліць тыя аб'екты, якія ўжо ёсць, і пабудаваць новыя. А гэта значыць, што ў Лельчыцах яшчэ з'явяцца працоўныя месцы.

- Я люблю новыя ідэі. Люблю дапамагаць людзям, хоць для гэтага працаваць даводзіцца далёка не па 8 гадзін на дзень, — кажа Валянцін Буткоўскі. — Бо справа не толькі ў спосабе заробку грошай. Поспех відавочны, калі ты займаешся важным і значным для сябе і іншых. І ты будзеш гэтым займацца, нягледзячы на часовыя праблемы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?