На лета пуцёўкі ва ўсе беларускія санаторыі прададзены ці забраніраваны, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі на прэс-канферэнцыі ў Мінску 15 красавіка.
Паводле яго інфармацыі, плануецца, што сёлета ў санаторыях адпачнуць больш як 1,3 млн. чалавек, у тым ліку каля 700 тыс. за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. На гэтыя мэты выдзелена больш за 1 трлн. рублёў.
Сярэдняя цана за дзень лячэння пры размяшчэнні ў стандартным двухмесным нумары –– 265 тыс. (за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання) і каля 350 тыс. рублёў (у свабоднай рэалізацыі). Балбатоўскі спрагназаваў, што скачку цэн бліжэй да лета не адбудзецца.
Ён падкрэсліў, што з года ў год 40% пуцёвак у санаторыі Беларусі набываюць беларускія грамадзяне, 60% — замежныя, з якіх расіяне складаюць 90%.
Такім чынам, сказаў Балбатоўскі, «гаварыць пра недаступнасць нашых санаторыяў для беларускіх грамадзян не зусім карэктна».
Летась у беларускіх санаторыях адпачыла больш за 230 тысяч замежных грамадзян. Для параўнання: у 2008 годзе ў беларускіх санаторна-курортных арганізацыях прайшло лячэнне і аздараўленне 106 тыс. замежных грамадзян, у 2009-м — прыкладна 130 тыс. чалавек.
Паводле слоў дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, расіяне выбіраюць больш сучасныя санаторыі, імкнуцца да камфорту. Напрыклад, папулярнасцю карыстаюцца санаторыі «Юнацтва», «Азёрны», дзе матэрыяльная база вышэйшая за сярэдні ўзровень. Паводле анкетавання, якое праводзіцца сярод пацыентаў санаторыяў, менавіта медыцынская дапамога з'яўляецца падставай для выбару здраўніц, а забавы і баўленне вольнага часу –– на другім плане.
Усяго ў Беларусі 111 санаторна-курортных арганізацый на 26.816 месцаў. З іх 82 санаторыі на 21.131 месца, у тым ліку 10 дзіцячых на 2.467 месцаў, 12 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў на 4.081 месца, 17 студэнцкіх санаторыяў-прафілакторыяў на 1.604 месцы.