У Магілёўскім аблсудзе 15 красавіка на пасяджэнні па справе былога старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца падсудныя выступілі з апошнім словам. Ніхто з іх віну не прызнаў.
Нагадаем, 4 лістапада 2013 года Магілёўскі аблсуд пачаў разгляд крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да службовых асоб Гомельскага гарвыканкама. Паводле даных Следчага камітэта, абвінавачваныя ў верасні—кастрычніку 2011 года незаконна размеркавалі паміж сабой, сваякамі, блізкімі і знаёмымі 24 кватэры ў дамах, прынятых у эксплуатацыю ў студзені—красавіку 2011 года. Затым гэтыя кватэры былі прададзеныя па цане значна ніжэйшай за рыначную. Частка жылых памяшканняў была аформленая на падстаўных асоб.
На лаве падсудных акрамя Піліпца — дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомеля Ігар Адарчанка, яго намеснік па эканоміцы і фінансах Валерый Барысевіч, начальнік жыллёва-інвестыцыйнага аддзела Антаніна Зелянок і начальнік планава-дагаворнага аддзела Ала Нізкоўская.
Піліпец і Нізкоўская ўтрымоўваюцца ў магілёўскім СІЗА.
Выступаючы з апошнім словам, Віктар Піліпец заявіў, што пры расследаванні гэтай крымінальнай справы выкарыстоўваліся «жахлівыя і часам забароненыя законам метады».
Ён сказаў, што падчас расследавання нават у сведак арыштоўвалася маёмасць, што, на яго думку, з'яўляецца самаўпраўнасцю з боку асобных членаў следчай групы.
«Вінавацяць у тым, што нават не ўкралі, а толькі купілі кватэры па той цане, па якой тады гэтыя кватэры прадаваліся», — адзначыў былы старшыня Гомельскага гарвыканкама.
Паводле яго сцвярджэння, усе абвінавачанні на адрас падсудных заснаваныя на здагадках і меркаваннях і нічым не пацвярджаюцца. «Я ў шоку ад таго, што адбываецца», — заявіў падсудны.
Астатнія фігуранты справы таксама не прызналі сваю віну, заяўляючы, што іх абвінавачанні беспадстаўныя і ў іх дзеяннях не было ніякіх злачынных намераў, а дзеянні цалкам адпавядалі заканадаўству.
Суддзя Сяргей Конеў, заслухаўшы апошняе слова падсудных, прызначыў наступнае судовае пасяджэнне на 22 красавіка, запланаваўшы на гэты дзень вынясенне прысуду.