Тэмпы росту эканомікі Расіі ў першым квартале 2014 замарудзіліся, паводле папярэдніх звестак, да ўзроўню каля 1 працэнта, сказаў на калегіі Мінфіна прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў.

У 2013 годзе ВУП Расіі вырас на 1,3%.

«Эканамічная сітуацыя працягвае горшаць і, паводле папярэдніх звестак, у першым квартале тэмпы росту эканомікі замарудзіліся да ўзроўню прыблізна 1 працэнта», — сказаў ён.

«Відавочна, што сярод галоўных чыннікаў — сканчэнне цыклу росту сусветных цэнаў на энерганосьбіты. Хоць яны стабілізаваліся на вельмі прыстойным для нашай краіны узроўні. Тым не менш, рызыкі рэзкіх ваганняў выключаць нельга… Што б там ні казалі, але сланцавая рэвалюцыя наўпрост адбіваецца на фінансавых паказчыках асноўных энергадзяржаў свету».

Адной з галоўных пагроз для эканомікі Расіі Мядзведзеў лічыць палітычныя рызыкі.

«Сярод асноўных рызык — рост нявызначанасці на сусветных фінансавых рынках… Замежнае фандаванне, якое ўжывалі буйныя айчынныя кампаніі і банкі, схлопваецца, у тым ліку і ў сілу палітычных меркаванняў. Мы не можам не браць пад увагу палітычны складнік бягучага перыяду. У пэўнай ступені нашы складанасці абумоўлены спробы пэўных сілаў падштурхнуць нас да штучнага крызісу», — сказаў Мядзведзеў.

Міністр фінансаў Антон Сілуанаў выказаў у аўторак тыя ж перасцярогі: «Умовы, у якіх прыйдзецца працаваць у 2014 годзе, — самыя складаныя з моманту крызісу 2008—2009 гадоў. Рост ВУП ацэньваецца на досыць нізкім узроўні 0,5%, а магчыма, і каля нуля. Існуюць рызыкі зніжэння цэн на нафту. Пры гэтым цана нафты, якая балансуе бюджэт, склала $113 за барэль у 2013 годзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?