Адэскі «Антымайдан» абвясціў Адэскую вобласць «Адэскай народнай рэспублікай» і заклікаў жыхароў горада блакаваць рух транспарту.
Адпаведны зварот апублікаваны на старонцы «антымайдану» на іх сайце, перадае «Інтэрфакс-Украіна».
«Адэская вобласць абвяшчаецца Адэскай народнай рэспублікай, дзе ўлада належыць толькі народу, які пражывае на яе тэрыторыі», — гаворыцца ў заяве.
Таксама сепаратысты заклікалі жыхароў горада блакаваць дарожны рух у Адэсе.
Яны стварылі карту на сэрвісе «Яндэкс», дзе ўказалі 153 кропкі — пешаходныя пераходы, на якіх адэсіты павінны знаходзіцца, каб перакрыць рух транспарту.
«У 16.00 Адэса павінна ўстаць! Літаральна! Ваша задача ў пазначаны час блакаваць названыя на карце транспартныя развязкі сваімі машынамі, пешаходы — выходзьце на «зебры» і стойце там», — гаворыцца ў закліку.
Пры гэтым, як вядома, адэскі Антымайдан збірае ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек.
Але, як паведамляла «048» мясцовыя ўлады і актывісты ўжо стварылі некалькі блокпастоў на ўездзе ў горад, дзе акрамя міліцыянтаў дзяжураць і адэсіты -валанцёры.