Славакія на перамовах у Браціславе 15 красавіка прапанавала ўкраінцам выкарыстоўваць для транзіту газу з Еўропы невялікі газаправод замест аднаго з магістральных, які хацела б выкарыстоўваць Украіна і які б зрабіў магчымымі пастаўкі ў патрэбных для ўкраінцаў аб'ёмах.

Пра гэта паведамляе польскае інфармацыйнае агенцтва РАР са спасылкай на інфармацыю Reuters.

Славакі прапануюць выкарыстоўваць газаправод, які пралягае ад славацкай вёскі Вояны да газавага сховішча ў Ужгарадзе, і выкарыстанне гэтага маршруту патрабуе дадатковых інвестыцый для будаўніцтва неабходнай інфраструктуры.

«Аднак Славакія не пагадзілася на рэверс, якога дамагаецца Кіеў, праз адзін з чатырох галоўных міжнародных газаправодаў, па якіх пастаўляецца расейскі газ. Гэта дазволіла б транспартаваць «блакітнае паліва» ў зваротным кірунку непасрэдна ва Украіну», - адзначае агенцтва са спасылкай на славацкага міністра эканомікі Томаша Малацінскага.

Славакі тлумачаць сваю адмову тым, што яны баяцца, што гэта можа парушыць дамоўленасьці з расейскім «Газпромам».

Па дадзеных агенцтва, першы варыянт дакладна не будзе парушаць дамоўленасці з расейцамі, таму што тады газ будзе брацца са славацкай тэрыторыі і прадавацца кліентам ужо ў Славакіі.

Малацінскі сказаў журналістам аб неабходнасці дадатковых кансультацый з украінскім бокам, а прэс-сакратар міністэрства адзначыў, што бакі дамовіліся падпісаць адпаведны мемарандум 28 красавіка.

Міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Юрый Продан, у сваю чаргу, сказаў, што такое рашэнне не задавальняе Украіну.

«Падрыхтоўка мемарандума з'яўляецца пэўным крокам у напрамку да рэверсу з ЕС, але адкрыта кажу, што ў цяперашняй сітуацыі — надзвычай выключнай — нам будзе трэба значна больш», - сказаў ён.

Як паведамляў УНІАН, Славакія мае больш за ўсё тэхнічных магчымасцяў для самых вялікіх паставак газу з Еўропы сярод усіх краін — найбліжэйшых заходніх суседзяў Украіны, праз якія плануюцца такія пастаўкі.

Продан раней заяўляў, што ўкраінская ўлада разлічвае транспартаваць праз славацкую тэрыторыю да 10 млрд кубаметраў газу і адзначаў, што ўлада ўжо дамовілася аб пастаўках праз Польшчу і Венгрыю ў аб'ёме 20 млн кубаметраў у суткі (каля 7,3 млрд кубаметраў у год).

Учора немецкая RWE абвясціла аб аднаўленні паставак газу праз Польшчу, праз якую Украіна максімальна можа ў год прапампаваць каля 1,5 млрд кубаметраў газу.

У пачатку красавіка Продан ацэньваў магчымы імпарт газу Украінай у гэтым годзе на ўзроўні 27—33 млрд кубаметраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?