«Наша Ніва»: Як называць тое, што сёння адбываецца ва Усходняй Украіне?

Сяргей Высоцкі: Ёсць два варыянты. Адны называюць гэта вайной. Іншыя, у тым ліку і я, — дыверсіяй (агрэсіяй), у якой выкарыстоўваюцца войскі Расійскай Федэрацыі. Тут хацелі правярнуць той самы варыянт, што ў Крыме. Калі расійскія вайскоўцы дзейнічалі пад выглядам мясцовай самаабароны. Але ў гэтых людзей нават мова без украінскага акцэнту. Ёсць відэа з Краматорска, дзе такі «баец самаабароны» ўжывае замест «бардзюра» слова «поребрік», якое ўжываецца толькі ў Санкт­Пецярбургу. Мы маем справу з падрыхтаванай дыверсіяй.

«НН»: А ў чым адрозненні ад Крыма?

СВ: У Крыме быў Чарнаморскі флот, там ад пачатку было больш расійскіх вайскоўцаў. Крым, у прынцыпе, вельмі проста адрэзаць ад мацерыка — ёсць толькі два перашыйкі. У Данецку ж ёсць мяжа з Расіяй, хай кепска абараняецца, але яна ёсць.

На сённяшні дзень, па нашых ацэнках, ва Усходняй Украіне дзейнічае каля 200 расійскіх дыверсантаў.

Па выніках апошніх сацапытанняў, толькі каля 18% жыхароў Данецкай вобласці хочуць увайсці ў склад Расіі [па перапісе 2001 года доля этнічных рускіх складала 39% у Луганскай і 38% у Данецкай абласцях — НН]. Гэта меншасць, але вельмі актыўная меншасць, яны вераць у Пуціна і хочуць жыць у Расіі. Яшчэ ёсць мясцовая агентура, якую шмат гадоў песціла Расія.

«НН»: Гэта хто?

СВ: Вось прыклад з Харкава, дзе мітынгі за федэралізацыю Украіны праводзіў так званы палітолаг Канстанцін Далгоў, які працаваў на кума Пуціна Віктара Медведчука.

Дарэчы, забыўся сказаць пра яшчэ адну праслойку, што выступаюць за Расію, — гэта мясцовыя бандыцкія сеткі.

Тыя самыя, якія каардынаваў сын Януковіча Аляксандр. Сёння ён робіць тое самае. Тыя, што стаяць у ачапленні адміністрацыйных будынкаў, маюць стандартную таксу — 500 грыўняў (каля 400 тысяч рублёў) за дзень.

«НН»: Калі за Расію меншасць, дык большасць маўчыць? Баяцца?

СВ: Яны пасіўныя. Данбас — гэта вельмі дэпрэсіўны рэгіён.

У савецкі час туды перасяляліся людзі з розных рэгіёнаў СССР. Гэта найбольш крымінальны, урбанізаваны рэгіён Украіны. У 90­я гады рэй там вялі бандыты. Уся прыватная ініцыятыва была задушаная. Актыўных бізнэсменаў, што не хацелі жыць па бандыцкіх правілах, проста забівалі. Журналістаў — таксама. Атрымліваецца такая «выпаленая зямля». У Данбасе няма сярэдняга класа, таго, што быў рухальнай сілай кіеўскага Майдану, няма базы для пратэстаў.

У мяне там жывуць сваякі. Яны абыякавыя да лёсу рэгіёна. Прый­дзе Пуцін — ну і ладна. Застанецца Украіна — хай будзе так. Ды і баяцца таксама.

Прайшоў мітынг супраць федэралізацыі ў Марыупалі. Удзельнікаў моцна пабілі. Шасцёра чалавек трапілі ў рэанімацыю. Гэтаксама жорстка будуць абыходзіцца і з іншымі акцыямі.

«НН»: Роля Януковіча ў падзеях на ўсходзе вялікая?

СВ: Вялікая. З яго дапамогай Расія спадзяецца неяк легітымізаваць гэтыя падзеі. Ёсць спадзяванні прывезці яго на ўсход і зрабіць кіраўніком «дзяржавы» кшталту Прыднястроўя. Януковіч і ягоны сын фінансуюць частку выступаў.

«НН»: Дарэчы, а чаму, на Ваш погляд, ідзе адмаўленне ад ідэі далучэння Данецка і астатняга ўсходу да Расіі?

СВ: Расія ў Крыме сутыкнулася з мноствам праблемаў, якіх не чакала. Яна атрымала датацыйны рэгіён з не зусім лаяльным насельніцтвам. Ім трэба паспрабаваць спачатку пераварыць Крым, а разам з Данбасам ёсць імавернасць, што можна і падавіцца.

«НН»: Які Ваш прагноз? Дзе спыніцца Расія?

СВ: Не ведаю. Як украінец, я веру, што мая краіна застанецца цэласнай і саборнай. Што разам з міжнароднай супольнасцю нам удасца абараніць яе ад агрэсара. Але цяперашнія падзеі цалкам выйшлі з рацыянальнага поля. І на каго наступнага накінецца вар’ят з сякерай, ніхто не ведае. Я не падзяляю думку, што Данбас ужо страчаны — гэта вялізны рэгіён з 9­-мільённым насельніцтвам, а захоплена ўсяго некалькі адміністрацыйных бу­дынкаў. Яшчэ ўсё магчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?