Сябры арганізацыі Румол раздаюць на вуліцах Мінска георгіеўскія стужкі

Сябры арганізацыі Румол раздаюць на вуліцах Мінска георгіеўскія стужкі

Сцяжкі раздаюць з прысоскамі, разлік на тое, што яны будуць бачныя ў машынах

Сцяжкі раздаюць з прысоскамі, разлік на тое, што яны будуць бачныя ў машынах

Сяргей Лушч каардынуе раздачу на беларускіх вуліцах расійскай сімволікі

Сяргей Лушч каардынуе раздачу на беларускіх вуліцах расійскай сімволікі

Леў Крыштаповіч

Леў Крыштаповіч

Віктар Малашэнка ўзначальвае офіс «Рассупрацоўніцтва» ў Мінску

Віктар Малашэнка ўзначальвае офіс «Рассупрацоўніцтва» ў Мінску

Кіраўніком БПЦ прызначылі не беларускага, а разанскага

Кіраўніком БПЦ прызначылі не беларускага, а разанскага

Аналіз таго, якім чынам Расея здзяйсняе захоп зямель на поўдні і ўсходзе Украіны, прымушае па-­іншаму ставіцца да таго, што ў сучаснай палітыцы прынята называць «мяккай сілай».

Росквіт гэтага паняцця прыйшоўся на час «каляровых рэвалюцыяў» мінулага дзе­сяцігоддзя.

Унутры Расіі канструявалі «суверэнную дэмакратыю» аўтарства Уладзіслава Суркова — калі нібыта і выбары ёсць, а ўлада не мяняецца. Тую самую «мяккую сілу» Расія спрабуе распаўсюдзіць і на краіны Усходняй Еўропы. Архітэктарамі гэтай стратэгіі замежнай палітыкі былі «лібералы» Глеб Паўлоўскі і Сяргей Караганаў.

Цяпер часы іншыя, крутыя. Расійскія кіраўнікі закручваюць гайкі ўнутры краіны. Яны адмовіліся ад ранейшых маніпуляцыйных метадаў рэгулявання грамадскага жыцця. Ім на змену прыйшлі прамыя рэпрэсіі і лабавая прапаганда.

І ў сферы «мяккай сілы» змяніліся акцэнты. Звыклая для стратэгіі Паўлоўскага­-Караганава падтрымка прарасійскіх структур, стварэнне аналітычных цэнтраў, што працуюць на расійскія грошы, прыхаваны подкуп палітычных элітаў (у тым ліку цэлых партыяў) хоць і не былі знятыя з узбраення, але відавочна перасталі быць прыярытэтам. Рэй цяпер вядуць асобы, што спавядаюць дактрыны «еўразійства» і «аднаўлення Імперыі».

Масква цяпер арыентуецца на падтрымку экстрэмісцкіх і маргінальных з пункту гле­джання электаральнай палітыкі структураў, а часам нават чыста крымінальных груповак. Задачай стаў не столькі ўплыў на бягучае палітычнае жыццё, колькі стварэнне базы для дэстабілізацыі сітуацыі на тэрыторыі незалежных дзяржаваў у патрэбны момант.

Кіраваны хаос

Як мы бачым на прыкладзе Крыма, гэтая новая «мяккая сіла» Расіі ёсць не проста спробай уплыву на палітыку незалежных дзяржаваў. Гэта «пятая калона» ў прамым сэнсе гэтага слова, пакліканая ў выпадку канфлікту стаць апірышчам дыверсантаў, правакатарамі ці «жывым шчытом» для інтэрвентаў. Ці, па меншай меры, матэрыялам для прапагандысцкага забеспячэння спрыяльнай карцінкі.

Як адзначае рэдактар «Русского журнала» Аляксандр Марозаў, рэалізоўваць свой новы геапалітычны праект пуцінская Расія будзе з выкарыстаннем тых сродкаў, якія ўжо былі прадэманстраваныя ва Украіне:

— ваенны ціск,
— купля мясцовага алігархата і вайсковага кіраўніцтва,
— стварэнне «кіраванага хаосу»,
— выкарыстанне прарасійскіх актывістаў унутры краіны,
— масіраванае фінансаванне прарасійскіх «грамадскіх арганізацый»,
— масіраваныя прапагандысцкія атакі з расійскіх тэлеканалаў, якія працуюць на ўсёй постсавецкай прасторы.

Інфраструктура «мяккай сілы» важная тут не сама па сабе, а ў комплексе з кампанентам «жорсткай сілы» — групіроўкай расійскіх войскаў, што навісае над суседняй краінай.

Вось такая «руская вясна» пагражае любому месцу, дзе ўдалося стварыць прарасейскую пятую калону на этнічным, моўным, крымінальным альбо іншым матэрыяле.

Падмурак для «пятай калоны»

У аналітыкаў сталася агульным месцам сцвярджэнне, што ў Беларусі прарасійскія сілы адкрыта не могуць стаць важным актарам на палітычнай арэне. Маўляў, Аляксандр Лукашэнка дэманструе настолькі прарасейскі курс, што быць большым сябрам Масквы за дзейнага кіраўніка дзяржавы папросту немагчыма.

Пэўная рацыя ў такой ацэнцы ёсць.

Аднак Масква хоча большага, чым мае цяпер. Масква хоча радыкальнага рашэння раз і назаўжды: каб дзяржаўнасць Беларусі была ліквідаваная, а беларусы перасталі ўспрымаць сябе асобным народам. Таму і Лукашэнку Масква будзе падтрымліваць толькі да той пары, пакуль не адчуе, што здольная дабіцца большага. Фраза Пуціна аб «уступленні ў Расію шасцю губернямі» не была выпадковай.

Прычына адсутнасці адкрыта прарасійскіх палітычных сілаў хутчэй у тым, што беларуская палітычная сістэма не з’яўляецца канкурэнтнай, таму і фінансаванне Масквою арганізацый, арыентаваных на электаральны ўдзел, не мае сэнсу. Таму наўрад ці варта разглядаць сур’ёзна спробу пабудовы прарасійскай партыі Сяргеем Касцянам. Славянскі камітэт Касцяна, верагодна, падтрымліваюць у Маскве, але не ў большай ступені, чым Гайдукевічаў альбо іншых ахвотных заняць нішу «прарасійскай апазіцыі». Масква гатовая трымаць нейкія структуры «на кармленні» па прынцыпе «каб было», але не на іх Масква робіць стаўку і не на іх ускладае найбольшыя спадзяванні.

Асяроддзе для развіцця праектаў русафільскага кшталту ў краіне застаецца ідэальным.

Нельга пераацаніць ролю дамінавання рускай мовы ў грамадстве і асабліва ў дзяржаўным кіраванні і СМІ. Трывалым апірышчам для стварэння нібыта лаяльных дзейнаму рэжыму прарасійскіх арганізацый з’яўляецца наяўнасць у кіруючым істэблішмэнце «заходнярускай» плыні на чале з намеснікам Інфармацыйна­аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Львом Крыштаповічам, а таксама па­ранейшаму істотнай колькасці чыноўнікаў «савецкай загартоўкі», якія прызвычаіліся звяраць гадзіннік «па Маскве».

Сапраўдную каштоўнасць для Крамля маюць цалкам прарасійскія сілавыя структуры Беларусі, якія так і не зрабіліся нацыянальнымі і ідэалагічна (а часам і кадрава) застаюцца падпарадкаванымі Маскве.

Сёння беларускае войска і спецслужбы вонкава могуць выглядаць дэідэалагізаванымі тэхнакратамі, але насамрэч вярхоўка іх афіцэрскага складу прасякнута прарасійскімі настроямі.

У выніку ўвесь механізм забеспячэння дзяржаўнай бяспекі застаецца безабаронным перад уплывам з Усходу. Нешта падобнае назіралася ў Крыме і Данбасе, дзе ўкраінскіх сілавікоў было свет, а абараняць дзяржаву яны не хацелі.

«Народныя масы» для правіцеляў Масквы заўжды былі расходным матэрыялам. Іх ніколі не шкадавалі, клалі мільёнамі і ў Другую сусветную вайну, і пры Пятры І, і пры Сталіну.

Для «народных масаў» Беларусі Масква мае свой інструмент уплыву — гэта праваслаўная царква, якая ў нас мае афіцыйную назву Беларуская праваслаўная царква ці Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата.

Але ў самім Маскоўскім патрыярхаце пра тое, што царква «беларуская», мала хто ўзгадвае —с труктура лічыцца простым падзраз­дзяленнем Рускай праваслаўнай царквы. Не лішнім будзе адзначыць, што нават іншыя кананічна залежныя ад РПЦ цэрквы (тая ж Украінская праваслаўная царква МП) маюць больш высокі статус — самакіраванай альбо аўтаномнай царквы.

Экзархат у РПЦ толькі адзін — Беларускі.

Апошнім часам стала відавочна, што такі стан рэчаў пачаў непакоіць і мінскія ўлады. Бо, з аднаго боку, ёсць вонкавая ўзаемная падтрымка, удзел кіраўніка дзяржавы ў набажэнствах і нібыта поўная «сімфонія» ўлады і царквы. Але, з другога боку, БПЦ кіруецца строга загадамі з кананічнага цэнтра. Нібыта і Лукашэнку БПЦ падтрымлівае ўсебакова, але ж кіраўнік БПЦ прызначаецца не ў Мінску. Чарговым кіраўніком БПЦ у Мінск прыслалі архіерэя з Разані з цёмным мінулым. Пасыл быў ясны: хто б ні ўладарыў цяпер на гэтай зямлі, але душы лю­дзей на ёй — кананічная тэрыторыя Масквы.

Няўрадавыя і антыдзяржаўныя

Але нават пры наяўнасці такой гатовай «пятай калоны», як прарасійскія спецслужбы і царква, сучасную інфраструктуру ідэалагічнага ўплыву нельга ўявіць сабе без арганізацый «трэцяга сектару». Аналітычныя цэнтры, спартклубы, культурніцкія і дабрачынныя таварыствы — гэта сапраўдныя мускулы «мяккай сілы».

У Беларусі колькасць пра­расійскіх арганізацыяў не нашмат меншая за тую, што сталася базай калабарантаў на поўдні і ўсходзе Украіны. Хоць колькасна яны і не такія шматлікія. Пакуль.

Прарасійскія грамадскія структуры ў Беларусі:

Беларускае грамадскае аб’яднанне «Русь»

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Рускае таварыства»

Расійскі культурніцкі цэнтр «Русь»

Моладзевае сацыяльна-­культурнае грамадскае аб’яднанне «Русь маладая»

Міжнародная асацыяцыя моладзевых арганізацыяў расійскіх суайчыннікаў у Беларусі

Грамадскае аб’яднанне «Рускае культурна­-асветніцкае таварыства»

Магілёўскае абласное аб’яднанне «Рускі дом»

Віцебскае грамадскае аб’яднанне «Рускі дом»

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Русь адзіная»

Беларускі саюз грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў

Міжнародны рух «Інтэрнацыянальная Расія»

Інфармацыйна­-аналітычны партал «Імперыя»

Мінскае таварыства рускай культуры «Русь»

Культурна-­асветніцкі праект «Западная Русь»

Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Беларускае казацтва»

Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Усебеларускае аб’яднанае казацтва»

Казачы конна-­спартовы клуб «Ярмак»

Ваенна­-патрыятычны клуб «Казачы спас»

Нацыянал-­бальшавіцкая партыя Беларусі (незарэгістраваная)

Не ўсе з гэтых грамадскіх аб’яднанняў карыстаюцца вялікай увагай прэсы. Хіба што толькі спецыфічныя сайты «Імперыя» і «Рэгнум» перыядычна асвятляюць іх дзейнасць.

Канечне, часам навіны з гэтай супольнасці прыходзяць даволі скандальныя і наўрад ці звязаныя з канкрэтнымі загадамі Крамля (накшталт вывешвання беларускім аддзяленнем НБП абразлівых транспарантаў на адрас Пуціна ў часе ягонага візіту ў Мінск). Але сама логіка існавання гэтых структураў — гэта логіка «мяккай сілы». Казачыя летнікі для моладзі, спартовыя турніры, культурніцкія імпрэзы, навуковыя гістарычныя чытанні адпаведнага кшталту і святкаванні знакавых датаў расійскай гісторыі — гэта спосаб існавання інфраструктуры, кшталту планктону, якая ў пэўны момант, пад парасонам расійскага эканамічнага і ваеннага ціску, можа крышталізавацца ды адыграць ролю, згубную для нашай дзяржаўнасці.

Магчыма, беларускія спецслужбы гэтыя асяродкі збольшага кантралююць, у тым ліку праз агентаў ды інфарматараў. Найбольш схільныя да гвалтоўных дзеянняў структуры могуць быць разбураныя рэпрэсіўнымі сродкамі, як гэта было з групоўкай гэтак званых «Аўтаномных нацыянал­-бальшавікоў», чый лідар Алег Карповіч у пазамінулым годзе быў асуджаны па артыкуле 193 КК за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі, што наносіць шкоду грамадзянам.

З часу знішчэння на пачатку 2000-­х структураў РНЕ ў Беларусі сапраўдныя парамілітарныя фармаванні ў гэтых асяродках не паўстаюць. Забойствы тагачасных лідараў расейскіх нацыстаў у Беларусі Глеба Самойлава і Максіма Брэйнара, а таксама шэраг крымінальных справаў сталі яскравым сігналам: нягледзячы на ўсю рыторыку пра славянскую еднасць, полем для дзейнасці ваенізаваных нацысцкіх арганізацыяў Беларусь не будзе.

Прарасійскія нацысты ў Беларусі існуюць, але дзейнасць сваю не афішуюць і хаваюць у легальных зарэгістраваных арганізацыях спартовага ці культурніцкага накірунку (гл. спіс вышэй).

У той жа час не трэба перабольшваць уплыву КДБ на гэтыя асяродкі.

Па­-першае, як адзначалася, значная частка спецслужбоўцаў адчуваюць ідэйную еднасць з русафільскімі групоўкамі і, верагодна, некаторыя часам спрыяюць іх дзейнасці.

Па­-другое, самі русафілы ставяцца да кантролю з боку спецслужбаў досыць спакойна. Для іх гэта дадзенасць, ад якой не сысці, але пры дэманстрацыі лаяльнасці яны спрабуюць яе выкарыстаць на сваю карысць праз узаемавыгаднае супрацоўніцтва.

Асаблівай увагі сярод структураў расійскай «мяккай сілы» заслугоўваюць моладзевыя арганізацыі. Падзеі ва Украіне добра прадэманстравалі, што ва «ўмелых руках» менавіта «маладзёжкі» могуць з’яўляцца лакаматывамі грамадскіх хваляванняў.

У Беларусі дастаткова часта ствараюцца аддзяленні расійскіх моладзевых арганізацыяў — для некаторых дзеячаў (у тым ліку звязаных з БРСМ) гэта выгадны бізнэс. Асабліва папулярны ён быў у тыя часы, калі Крэмль з падачы Суркова шчодра фінансаваў моладзевыя арганізацыі самай рознай скіраванасці — абы кантраляваць патэнцыйныя «аранжавыя» асяродкі. Існавалі і беларускія аддзяленні АКМ, і беларускія «Нашы». Дэлегацыя з Мінска ездзіла на славутыя летнікі на Селігеры і г.д. На дадзены момант актыўнасць Крамля ў гэтым кірунку паменшала, але і цяпер ёсць ушлыя дзялкі, гатовыя з'явіцца ў Дугіна ў якасці «Беларускага адзялення Еўразійскага саюза моладзі».

На з’ездзе руху «Інтэрнацыянальная Расія» ў 2011 беларуская дэлегацыя выступіла з ініцыятывай стварэння на яго базе «Еўразійскага народнага фронту». У гэтую дэлегацыю увайшлі:

кіраўнік аргкамітэта руху «За Саюз Беларусі і Расіі», кіраўнік інфармацыйна­аналітычнага партала «Імперыя» (Мінск) Юрый Баранчык (цяпер пераехаў на працу ў Маскву);

кіраўнік інфармацыйна­аналітычнага партала «Заходняя Русь» (Мінск) Ігар Зелянкоўскі;

ад грамадскага аб’яднання «Новая эканоміка» (Мінск) —Сяргей Шыпценка;

ад Віцебскага грамадскага аб’яднання «Рускі дом» (Віцебск) — Андрэй Герашчанка;

ад Грамадскага аб’яднання чувашоў «Шупашкар» (Мінск) — Барыс Мілін;

ад Віцебскай гарадской грамадскай арганізацыі «Рускі культурны цэнтр «Русь» —Аляксей Мішурны;

ад Міжнароднага грамадскага аб’яднання чувашоў «Атал» (Мінск) — Генадзь Аляксандраў;

ад грамадскага аб’яднання «Рускі Дом» ( Магілёў) — Юрый Валабуеў;

старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Рэгіён» (Гомель ) Валерый Бандарэнка;

кіраўнік моладзевага грамадскага аб’яднання «Авангард» (Мінск) Марат Абрамоўскі.

Гэтыя структуры малалікія (а часам і чыстыя фікцыі), але ёсць сярод іх і сапраўды дзейсныя арганізацыі, часам заснаваныя на арганізацыйнай базе праўладных афіцыйных аб’яднанняў, кшталту БРСМ і «Белай Русі».

У плыні прарасійскіх «маладзёжак» у Беларусі вылучаецца Моладзевае сацыяльна­культурнае грамадскае аб’яднанне «Русь маладая» (скарочна — Румол, фактычна частка аднайменнага міжнароднага руху ў розных краінах). Яго лідар Сяргей Лушч мае выдатныя адносіны як з беларускімі ўладамі (па лініі «афіцыйнай моладзевай палітыкі»), так і з пасольствам РФ у Мінску (па лініі Рассупрацоўніцтва, правядзення разнастайных канферэнцыяў, спартовых турніраў па каратэ і г.д.).

Румол глядзіць на Беларусь праз прызму дактрыны «Рускага міра»: «Рускі мір» — гэта цывілізацыйнае паняцце, сусветная супольнасць людзей, што атаясамліваюць сябе з рускай мовай, рускай культурай, духоўнымі цэнтрамі якой выступаюць Вялікая, Малая і Белая Русь. Асновай «Рускага міра» з’яўляецца трыадзіны Рускі народ (вялікаросы, маларосы і беларусы). Пры гэтым да рускай цывілізацыі, несумненна, адносяцца і іншыя гістарычна сяброўскія Русі і славянству народы.

Цяпер гэтая арганізацыя, з ініцыятывы пасольства РФ, фактычна робіцца адзіным каардынацыйным цэнтрам для рознага кшталту прарасійскіх «маладзёжак», што апавядае зацверджанай у Маскве стратэгіі іх развіцця

Старшыня Румол Сяргей Лушч на адкрыцці турніра па каратэ ў Мінску 21 снежня 2013 г.: Только здоровая, трезвомыслящая, сильная духом молодежь может созидать будущее. Будущее союзного государства и будущее единого русского мира, частью которого наравне со своими единородными молодыми братьями из Украины и России она является.

Паводле нашых звестак, менавіта асяроддзе Румола арганізуе візіты ў Беларусь расійскіх гастралёраў, кшталту «Цесака»­Марцінкевіча, а таксама арганізоўвае акцыю раздачы ў розных гарадах Беларусі расійскіх «трыкалораў» (рукамі глуханямых выканаўцаў).

Пакуль што русафільскія структуры дэманструюць лаяльнае стаўленне да дзейнага ў Беларусі рэжыму. Аднак,

як адзначае нават блізкі да іх па поглядах прадстаўнік праекта «Цытадэль» Аляксандр Шпакоўскі, практычна ўсе лідары русафільскай супольнасці ў Беларусі (Юрый Баранчык, Ігар Зелянкоўскі, Сяргей Лушч, Аляксандр Гронскі) «вельмі неадназначна ставяцца да суверэннага беларускага праекту, часта скатваюцца на пазіцыі адмаўлення права беларускай нацыі на самавызначэнне, скептычна ставяцца да беларускай мовы, культуры, афіцыйнай версіі беларускай гісторыі».

Цукеркі новыя, «Крамлёўскія»

Для таго, каб развіваць і падтрымліваць інфраструктуру «мяккай сілы» ў патрэбным стане, неабходнае фінансаванне. Пры гэтым для паспяховасці разгортвання структураў мае значэнне не толькі аб’ём сродкаў, але і іх эфектыўнае і мэтанакіраванае выдаткоўванне.

Менавіта дзеля гэтага апошнім часам Крэмль узяў курс на большую цэнтралізацыю «падтрымкі суайчыннікаў за мяжой». Бюджэт Федэральнага агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва) увесь час павялічваецца, а пасольства РФ у Мінску пераўтвараецца ў галоўны цэнтр размеркавання дапамогі русафільскім арганізацыям.

Офіс Рассупрацоўніцтва ў Мінску месціцца ў Доме Масквы на ўзбярэжжы Свіслачы. Менавіта адсюль каардынуюцца акцыі накшталт распаўсюду «георгіеўскіх стужачак» (тых, што атрымалі ў народзе мянушку «каларадскіх»).

Фінансаванне русафільскай дзейнасці па дыпламатычнай лініі ў Беларусі прадугледжанае адмысловым Пагадненнем паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб заснаванні і ўмовах дзейнасці культурна­інфармацыйных цэнтраў ад 10 снежня 2009. На 2014 год агенцтвам запланавана рэалізацыя выдавецкага праекта «Беларусь як руская святыня», фэст казачай песні ды шэраг іншых праграмаў.

Пры гэтым расійскі бок асабліва не абцяжарвае сябе выкананнем патрабаванняў дэкрэта №24, які вызначае парадак атрымання і размеркавання замежнай бязвыплатнай дапамогі (парушэнне заканадаўства ў гэтай сферы ад 2011 года з’яўляецца ў Беларусі крымінальным злачынствам).

Беларускія спецслужбы пільна адсочваюць і часам прыпыняюць замежнае фінансаванне грамадскіх арганізацыяў з боку заходніх фондаў, але скрозь пальцы гля­дзяць на фінансавыя плыні з усходу. Апрача Рассупрацоўніцтва, на тэрыторыі Беларусі фактычна бескантрольна дзейнічае цэлы шэраг донарскіх структураў, якія фінансуюць дзейнасць прарасійскіх структураў: Фонд «Рускі мір», Інстытут рускага замежжа, Расійскі Інстытут стратэгічных даследаванняў, Фонд публічнай дыпламатыі імя А.М.Гарчакова, Інстытут краін СНД (Інстытут дыяспары і інтэграцыі).

Па словах саміх прадстаўнікоў русафільскіх арганізацыяў, украінскія падзеі патэнцыйна могуць на нейкі час перанакіраваць фінасавыя плыні ад Рассупрацоўніцтва на поўдзень, аднак, як яны кажуць, Масква ўпэўнівае беларускіх русафілаў, што ў доўгатэрміновай перспектыве фінансаванне структураў у Беларусі будзе толькі павялічвацца.

На гэтую сітуацыю спрабавала звярнуць увагу Партыя БНФ, якая ў заяве Сойму ад 15 сакавіка заклікала «беларускія ўлады абмежаваць дзейнасць, якая супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, такіх дэструктыўных расейскіх цэнтраў, як Рассупрацоўніцтва і Фонд Гарчакова, а таксама зарэгістраваных у Беларусі арганізацыяў, што атрымліваюць фінансавую ды іншую падтрымку з гэтах цэнтраў».

Але пакуль «заходнярус» Леў Крыштаповіч займае кіраўнічую пасаду ў Адміністрацыі прэзідэнта, а вядомы барацьбіт супраць беларускай мовы Ігар Карпенка з’яўляецца намеснікам кіраўніка Мінгарвыканкама, «пятая калона» Масквы пачуваецца ўпэўнена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?