«Па Крыме мы самі не чакалі такіх вынікаў рэферэндуму», — заявіў пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў журналістам 16 красавіка ў Мінску.
Ён падкрэсліў, што на рэферэндуме за далучэнне да Расіі, які прайшоў у Крыме, прагаласавалі 96,77%. «Такія рэчы не падтасоўваюцца. Мы што, павінны былі кінуць там усіх рускіх?» — сказаў Сурыкаў.
Паводле яго слоў, ва ўсіх падзеях, што адбываюцца ва Украіне, вінаватыя новыя ўлады, якія замест таго, каб нівеляваць існы ва ўкраінскім грамадстве разлом, «правялі па ім рашпілем».
«Мы бачым, хто прыходзіць да ўлады ва Украіне. Паслухайце лозунгі «Правага сектара». Мы памятаем, як пачыналася нацысцкая Германія. Пакуль у такой канве дзейнічаюць і гэтыя людзі, і гэтым выкліканы ўсе дзеянні Расіі», — сказаў Сурыкаў.
Ён заклікаў аб'ектыўна глядзець на падзеі ва Украіне і выказаў надзею, што запланаваная на 17 красавіка ў Жэневе сустрэча па «ўкраінскім пытанні» «падрэтушуе ўсе гэтыя супярэчнасці».