Заўзятары кіеўскага «Дынама» і данецкага «Шахцёра» разам выканалі гімн Украіны перад пачаткам матчу сваіх камандаў на «Алімпійскім» у Кіеве. Сустрэча прайшла пад лозунгам «Футбол дзеля адзінства».
Перад стартавым свістком фанаты зладзілі яркае модульнае шоу. На трыбуне, процілеглай цэнтральнай, заўзятары выклалі вялізны сцяг Украіны і герб-трызуб.
У другім тайме фан-сектар «Дынама» скандаваў «Данецк». Госці адказалі - «Кіеў». Цікава, што перад тым на поле адбылася сутычка паміж гульцамі «Шахцёра» і «Дынама».
Крыху пазней фанаты пачалі скандаваць вядомы хіт ультрас «Пуцін — х***ло». На адной з трыбун некаторы час вісеў плакат «ПТН — ПНХ».
І вядома не абышлося без ужо традыцыйных «Слава Украіне» - «Героям Слава» і «Героі не паміраюць».
Матч скончыўся перамогай «Шахцёра» з лікам 2:0, які дагнаў па колькасці ачкоў лідара чэмпіянату «Дняпро». Гэта дарэчы сёмая запар перамога данецкага клуба над кіеўскім з улікам матчаў Кубка.
Дняпро — 50 (22 гульні), Шахцёр — 50, Дынама Кіеў — 43 (23)…