Калі пачалася вайна, мне было 5 год, маёй сястры Лілі — 3. Цяпер мне 79. Толькі… жыццё прадаўжаецца. Вельмі хочацца пабачыць свой успамін у «Нашай Ніве».

«Мама, паглядзі, якія кветкі я прынёс для бабулі. Гэта васількі. Яны быццам жывыя… Я баюся дыхнуць, каб яны не зніклі». Я глядзела ў шчаслівыя вочы сына, у якіх застыла сінеча мірнага неба. І мяне нешта скалыхнула і з болем адгукнулася ў сэрцы. Паплылі ўспаміны дзяцінства, абпаленага вайной.

1941 год. 22 чэрвеня. Мы з сястрой Ліляй спяшаліся ў поле за хутарам па васількі. Раптам страшэнны гул самалётаў. У жыта, зусім блізка каля нас, упалі бомбы. Мы, ледзь жывыя ад страху, пабеглі, шукаючы, дзе гусцейшае жыта, каб схавацца. Самалёты кружылі над намі…

Мама знайшла нас і кажа: «Вайна». Я ўпершыню пачула гэтае слова.

…Аднойчы ў нас з’явіліся незнаёмыя людзі. Партызаны. Наш хутар знаходзіўся недалёка ад мястэчка Далятычы, адкуль родам мае бацькі. Гэта наша слаўная Наваградчына, менавіта там нараджалася і адтуль распаўсюджвалася беларуская нацыянальная культура. Хутар амаль з усіх бакоў акружаны лесам, таму ў нас спыніўся партызанскі дазор. Начамі мама мыла ў попеле бялізну партызанам, кіпяціла бінты, карміла і лячыла хворых і раненых. Дзвярэй не зачынялі, каб хутчэй уцячы, калі наляцяць немцы. У хаце, як на двары, гаспадарыць вецер. Сняжынкі залятаюць. Мы пастаянна кашлялі, прастуджваліся…

Днём прыязджалі немцы, абнюхвалі кожны вугал, шныпарылі, шукалі партызанскіх слядоў…

Пад саломай, што замяняла мне матрац, ляжала нешта партызанскае. Немец наблізіўся да ложка. Я ад страху заплюшчыла вочы… Падышла мама ў слязах і кажа: дзіця хворае, тыф, тыф… Гэтае слова немцы ведалі і баяліся заразіцца. Яны выскачылі з хаты. Вынеслі каністры з бензінам, запалілі паходні. 3 усіх бакоў акружылі хату. Мама не лямантавала, не прасіла ў немцаў літасці… Абняла мяне і Лілю, прыгалубіла да сябе. Яна не плакала. Толькі глядзела ў акно: белы снег і чорныя людзі з паходнямі.

I вось гэту мёртвую цішыню парушыў гул матацыкла. З матацыкла выскачыў немец,

паклікаў тых, хто стаяў з паходнямі. Страшныя людзі ў чорным пакідалі паходні, пагрузілі каністры з бензінам у машыну і з'ехалі.

Мы, прысуджаныя да страшнай смерці, засталіся жыць.

Прайшло многа гадоў, пакуль мы даведаліся, што ў чалавека ў форме нямецкага афіцэра білася сэрца беларуса-­героя…

Ён выратаваў ад смерці многія сем'і, звязаныя нейкім чынам з партызанамі, на якіх былі загатаваны спісы для знішчэння. Апрача нашых Далятыч, гэта вёскі Чапунь, Хадасы, Чарэшля, Воўкарась і іншыя. Да іх блізка падступалі лясныя масівы.

Ён ведаў, што пасля заканчэння вайны новая ўлада яго жывым не пакіне. Ён не зможа нікому нічога даказаць, не павераць: немцам служыў — вораг. Такі будзе прысуд. Прыйшлося эміграваць. Доўгі час пра гэта гаварылі шэптам, каб не наклікаць бяду на сябе…

Няхай нашы ўнукі і праўнукі ніколі больш не бачаць вайны, ніколі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?