Увага да захавання аб'ектаў культурнай спадчыны садзейнічае ўмацаванню дзяржаўнасці. Такі пункт гледжання выказаў Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з генеральным дырэктарам ЮНЕСКА Ірынай Бокавай.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць захавання аб'ектаў культурнай спадчыны. «Для нас вельмі важна знайсці ў нашым мінулым тое, што звязвае нас з сучасным. Мы не хацелі б забываць, адкуль мы родам, таму вялікую ўвагу ўдзяляем гэтым аб'ектам. Тым больш што яны садзейнічаюць умацаванню нашай дзяржаўнасці і лішні раз даказваюць, што Беларусь — старажытныя зямля, розныя дзяржавы тут былі, па-рознаму складаўся лёс.

Але сёння ёсць Беларусь — самастойная незалежная дзяржава, якая каранямі ідзе ў мінулае», — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што тое, чым займаецца ЮНЕСКА, вельмі сімвалічна і важна. Ён звярнуў увагу, што адна са статутных мэт арганізацыі — супрацоўніцтва дзяржавы ў мэтах бяспекі праз навуку, адукацыю і культуру. «Нам прыемна, што ЮНЕСКА займаецца менавіта такой праблематыкай», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусі ёсць што сказаць у сувязі з 60-годдзем членства ў ЮНЕСКА, асабліва ў сферах адукацыі і навукі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што 5 працэнтаў ВУП краіны траціцца на адукацыю. Не так даўно адбылася яго сустрэча з вучонымі, дзе размова ішла аб прыярытэтах беларускай навукі на далёкую і на сярэднетэрміновую перспектывы.

Што датычыцца культуры, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Ірына Бокава сама зможа ўбачыць знакавыя аб'екты ў Беларусі, у тым ліку ўнесеныя ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Лукашэнка падзякаваў генеральнаму дырэктару ЮНЕСКА за візіт, адзначыўшы, што кіраўнікі арганізацыі наведвалі Беларусь. «Было б несправядліва, калі б вы не прыехалі да нас, будучы генеральным дырэктарам, — адзначыў ён. — Вы заўсёды можаце на нас разлічваць у арганізацыі — мы заўсёды будзем падтрымліваць вашы ініцыятывы. Тым больш што яны вельмі патрэбныя і выгадныя не толькі нам, але і ўсяму чалавецтву».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?