Працягваецца праца над праектам «Авель». Здымачная група NonstopMEDIA вярнулася з Галівуда, дзе праходзіў другі этап здымак. Сваімі ўражаннямі аб супрацоўніцтве з амерыканскімі калегамі падзяліліся прадзюсары фільма «Авель» Сяргей Ждановіч і Юрый Ігруша.

Фабрыка мрояў

Здымкі праходзілі ў канцы сакавіка - пачатку красавіка. У Амерыцы атрымалася адздымаць 8 сцэн, у два разы больш за запланаванае. Сярод унікальных эпізодаў — аўтамабільны трук: сутыкненне двух машын у паветры.

Па сцэнары адзін з эпізодаў разгортваецца ў мексіканскай вёсцы. Паселішча збудавалі на велізарнай пляцоўцы пад назвай Universal City, што ў перакладзе значыць «Сусветны горад». У ролі мясцовых жыхароў задзейнічалі сотню амерыканскіх акцёраў. Звычайна ганарар аднаго артыста ў агульнай сцэне даходзіць да $100 — у масавых сцэнах цяжэй «засвяціцца». Беларусы заплацілі ўдвая менш: здымкі на «Universal Studios» носяць асаблівы статус.

Цёмны рыцар

Першай запрошанай зоркай фільма стаў Эрык Робертс. Ён сыграе адмоўнага персанажа — бізнэсмэна, кіраўніка медыйнай кампаніі, вакол якога разгортваецца асноўная інтрыга. Выйсці на акцёра дапамаглі амерыканскія партнёры. Ганарар зоркі не называецца. Але кажуць, што акцёр пайшоў на саступкі. У райдары былі прапісаныя стандартныя патрабаванні: аплата гатэля, бізнес- пералёт, сутачныя, правілы субардынацыі.

«Для здымак былі набытыя прыгожыя шахматы ў амерыканскім стылі. Аднойчы, пакуль рыхтавалася пляцоўка, мы папрасілі рэжысёра Дзяніса Собалева згуляць з Эрыкам партыю, забыўшыся папярэдзіць яго гуляць у паддаўкі. Разумееце, зоркі — амбіцыйныя людзі, — распавядае Сяргей Ждановіч. — Спахапіліся мы ў апошні момант, калі Эрыку ледзь не быў пастаўлены мат. Прызнацца, акцёр прыкметна нерваваўся. Але ў выніку Дзяніса папярэдзілі, і ён здаўся. У выніку шахматы не патрапілі ў кадр, і мы іх падарылі акцёру».

Палітычны прысмак

У фільме прасочваецца аналогія са снежаньскімі падзеямі ў Мінску 2010 года. Прадзюсары заяўляюць: карціна здымаецца па сучасных беларускім матывах і задачы наўпрост рэканструяваць Плошчу не было.

Сяргей Ждановіч адзначае, што знятыя кадры выклікаюць больш асацыяцый з Майданам, чым з падзеямі Плошчы.

«Калі мы паказалі матэрыял амерыканцам, тыя былі ўпэўненыя, што здымкі праходзілі на Майдане. Яны толькі не маглі зразумець аднаго: як нам удалося гэта зрабіць з пункту гледжання маштабаў пастаноўкі. Вельмі хочацца, каб людзі ацэньвалі мастацкую каштоўнасць праекта, - дадае ён.

Зноў у Беларусі

Трэці этап здымак фільма « Авель» пачаўся ў Беларусі 18 красавіка і працягнецца да пачатку мая. Падчас ЧС па хакеі група зробіць невялікі перапынак. Фінальную частку здымак намечана правесці ў чэрвені. Прэм'ера плануецца ў час Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Прадставіць карціну прыедуць Эрык Робертс разам з выканаўцай галоўнай жаночай ролі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?