Больш за 10 тысяч жыхароў Крывога Рога ў суботу сабраліся ля будынка гарвыканкама, дзе праводзяць мітынг «За адзіную Украіну».

Мітынг пачаўся з выканання гімна Украіны. Яго ўдзельнікі трымалі дзяржаўныя сцягі Украіны, сцягі горада Крывы Рог, быў таксама сцяг крымскіх татараў. Сярод плакатаў, якія трымалі ўдзельнікі: «Крывы Рог — гэта Украіна», «Крываражане — за мір і адзіную Украіну».

Людзі, якія сабраліся спявалі ўкраінскія песні, слухалі вершы. Перад удзельнікамі мітынгу выступалі святары, а таксама прадстаўнікі Майдана з Днепрапятроўска, грамадскія дзеячы з Крывога Рога. Даволі шмат тых, хто прыйшоў на мітынг, былі ў нацыянальных касцюмах.

Як паведаміў выконваючы абавязкі намесніка кіраўніка Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі Святаслаў Алейнік, абстаноўка на мітынгу ў Крывым Рогу была досыць спакойная.

«Людзі выйшлі на мітынг для таго, каб паказаць, што ніякі сепаратызм ў Крывым Рогу і Днепрапятроўскай вобласці не пройдзе», — сказаў ён.

Па словах арганізатараў мітынгу, іх акцыя — гэта проціпастаўленне прарасійскаму мітынгу, які быў заяўлены ў соцсетках і ўлётках у падтрымку так званай Данецкай народнай рэспублікі. Ён планаваўся апоўдні суботы каля будынка гарсавета. На думку Алейніка, анансаваны прарасейскі мітынг, які так і не адбыўся, — гэта пэўная інтэрнэт-правакацыя.

«У каторы раз паспрабавалі праверыць, наколькі можна расхістаць сітуацыю ў Днепрапятроўскай вобласці, і гэта не прайшло», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?