Новыя ахвяры ў Славянску, 20 красавіка. Фота Ройтэрз.

Новыя ахвяры ў Славянску, 20 красавіка. Фота Ройтэрз.

Перастрэлка выбухнула ў велікодную ноч на адным з блокпастоў каля занятага прарасійскімі баевікамі горада Славянск у Данбасе. Трое баевікоў загінула, трое паранены. Згарэлі два аўтамабілі.

Расійскія СМІ абвінавацілі ў нападзе «Правы сектар» — украінскую нацыяналістычную арганізацыю. І сам «Правы сектар», і Служба бяспекі Украіны такую версію адхіляюць. У Данбасе Правага сектара проста не існуе. А ўрадавыя сілы абвяшчалі аб прыпыненні антытэрарыстычнай аперацыі на час Вялікадня.

«Высветлена, што гэтай ноччу ў Славянску не было ніводнай арганізацыі, акрамя саміх дыверсантаў і прадстаўнікоў крыміналітэту, якіх падтрымліваюць і ўзбройваюць афіцэры ГРУ ГШ ВС РФ. Гэта пацвярджаюць аператыўна-следчыя дзеянні, якія ажыццяўляюць на месцы праваахоўныя органы Украіны», — адзначылі ў прэс-цэнтры Службы бяспекі Украіны.

У спецслужбе таксама абверглі інфармацыю некаторых расійскіх СМІ, якія запэўніваюць, што ў інцыдэнце нібыта ўдзельнічалі прадстаўнікі «Правага сектара».

Па дадзеных СБУ, у выніку інсцэніроўкі вонкавага нападу на блокпост ў Славянску і расстрэлу некалькіх аўтамабіляў загінулі людзі.

Паводле МУС Украіны, сёння ноччу ў Славянску падчас перастрэлкі паміж дзвюма групамі грамадзян ёсць забітыя і параненыя. Паводле Данецкай міліцыі, напад здзейсніла група з 12 чалавек, якія прыехалі з боку Харкаўскай вобласці на чатырох аўтамабілях.

«У горадзе Славянску Данецкай вобласці 20 красавіка каля 3.00 на блокпосце паміж дзвюма групамі грамадзян адбылася ўзброеная сутычка. Пацярпелыя шпіталізаваны», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Падрабязнасці гэтага інцыдэнту ўдакладняюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?