Аляксандр Лукашэнка і намеснік старшыні савета дырэктараў ААТ «Уралкалій» Дзмітрый Мазепін на сустрэчы 18 красавіка ў Мінску не змаглі дамовіцца аб аднаўленні работы сумеснага трэйдара з-за несупадаючых умоў двух бакоў.

Аб гэтым паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на свае неназваныя крыніцы. 

фота kommersant.ru

фота kommersant.ru

Нагадаем, 18 красавіка ў Мінску адбылася першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з уладальнікам «Уралхіма», намеснікам старшыні савета дырэктараў ААТ «Уралкалій» Дзмітрыем Мазепіным. Гэта першыя афіцыйныя перамовы кіраўніцтва кампаніі з уладамі Беларусі з моманту змены акцыянераў «Уралкалія» ў канцы 2013 года. 

Лукашэнка назваў сустрэчу «ў нейкай ступені гістарычнай пасля таго, што адбылося ў адносінах з былым акцыянерам». Бакі прыйшлі да высновы, што разрыў агульнага трэйдынгу «Уралкалія» з «Беларуськаліем» і падзенне цэн на калій не пайшлі на карысць ні кампаніям, якія рэзка знізілі прыбытак у 2013 годзе, ні рынку. 

Але крыніцы «Коммерсанта», знаёмыя з сітуацыяй, адзначаюць, што ніякага канкрэтнага рашэння на сустрэчы прынята не было і варыянты далейшага супрацоўніцтва не абмяркоўваліся. Паводле іх слоў, гэта была «дэкларацыя аб намерах», якая павінна была прадэманстраваць пацяпленне адносінаў пасля змены акцыянераў. Перамовы аб аднаўленні сумеснага трэйдынгу, калі яны будуць, пройдуць на рабочым узроўні паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем». 

Крыніца «Коммерсанта» на рынку адзначыла, што асноўнае патрабаванне расійскай кампаніі да новага трэйдара — яго рэгістрацыя ў Расіі і раздзяленне долей у продажы парытэтна вытворчасці (гэта значыць каля 65% на 35% на карысць «Уралкалія»).

У 2013 годзе вытворчасць «Уралкалія» склала 10 млн. тон, «Беларуськалія» — каля 6,5 млн. тон. 

Крыніцы «Коммерсанта» на рынку сумняваюцца, што ў найбліжэйшы час пачнуцца актыўныя перамовы па стварэнні трэйдара, «пакуль высокі сезон продажу і на рынку ёсць попыт, кампаніі могуць працаваць і асобна». Адзін з суразмоўцаў «Коммерсанта» адзначае, што пытанне можа актывізавацца па другім паўгоддзі 2014 года, калі будзе зразумела, што Беларусь не можа прадаць свае аб'ёмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?