Ліст у рэдакцыю Gazety Wyborczej прыйшоў у канверце са зваротным адрасам — следчы ізалятар, вуліца Ракавецкая, Варшава. Яго аўтар, беларус Юрый К. з Гродна па-польску, з памылкамі, просіць аб дапамозе: «Звяртаюся да Вас за дапамогай свабоднага слова СМІ. Я шчыра спадзяюся, што Вы будзеце мець смеласць правесці ўласнае расследаванне і высветліць праўду».

«Фантазёр нейкі…»

Юрый К., які прадстаўляецца як журналіст і выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, 17 лютага быў «брутальна затрыманы і абвінавачаны ў шпіянажы супрацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы».

Затрыманне адбылося на вакзале ў Быдгашчы, дзе, як піша Юрый К., агенты «брутальна павалілі» яго на зямлю. Што ён рабіў там? Сцвярджае, што прачытаў пра тое што горад з'яўляецца «польскай сталіцай НАТА» (у Быдгашчы размяшчаецца натаўскі навучальны цэнтр), і хацеў зрабіць рэпартаж пра «канфрантацыю паміж Расеяй і НАТА і наступствы гэтага супрацьстаяння для Беларусі».

Ён сцвярджае, што ўсюды, дзе ён быў, прадстаўляўся карэспандэнтам газеты «Вечерний Гродно», ад якой атрымаў замову на рэпартаж, фатаграфаваў аб'екты, здымкі якіх ёсць у інтэрнэце, і не ўваходзіў туды, куды «было забаронена».

Цяпер ён сядзіць у турме па абвінавачванні ў шпіянажы, за што ў Польшчы пагражае ад трох гадоў пазбаўлення волі.

Справу беларуса вядзе Варшаўская апеляцыйная пракуратура, але акрамя таго, што Юрыя К. пасадзілі за краты за шпіянаж у Польшчы, яна не хоча распавядаць ніякіх падрабязнасцяў, таму што справа з'яўляецца тайнай.

Але неафіцыйна адзін з пракурораў кажа: «Дзіўны гэты шпіён. Хутчэй, нейкі фантазёр, які ўлез у сур'ёзную гісторыю».

Фотаапарат поўны здымкаў

Пасольства Беларусі ўвагі Юрыя К. не надае. Юрый атрымаў толькі дзяржаўнага адваката.

Беларус здымаў у Быдгашчы, дзе акрамя некалькіх ваенных аб'ектаў знаходзіцца вышэйзгаданы навучальны цэнтр НАТА. Ён размешчаны на ўскраіне горада і агароджаны шчыльным плотам. Паводле інфармацыі крыніц у АУБ Польшчы, Юрый рабіў здымкі з верхніх паверхаў бліжэйшых шматпавярховак. За ім адтуль і да вакзала сачылі агенты.

«Праблема ў тым, што ён зусім не хаваўся, паводзіў сябе, як у танным папулярным фільме — як быццам бы хацеў, каб яго затрымалі», — кажа афіцэр АУБ. І дадае: «У нас не было выйсця, мы павінны былі яго ўзяць. У фотаапараце было поўна фатаграфій вайсковых аб'ектаў, прычым не толькі з Быдгашча. Правяраем, дзе яшчэ ён быў».

«Корпаўся ў сталах»

А што пра Юрыя кажуць у Гродна? Яму 34 гады, у яго ёсць жонка і маленькая дачка. На працягу апошніх 10 гадоў ён працаваў выкладчыкам на факультэце эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ён таксама працаваў у «Вечернем Гродно» — лаяльнай да Лукашэнкі газеце, не як журналіст, а як дырэктар па маркетынгу на паўстаўкі.

Былыя калегі па працы адгукаюцца пра яго негатыўна: «Я памятаю, што ён корпаўся ў нашых камп'ютарах, з гэтай нагоды нават быў скандал. Ён быў слізкім, ад яго хацелася трымацца далей», — успамінае адна з журналістак.

Напісаннем рэпартажаў ён не займаўся. Адзіны кароткі тэкст быў напісаны ім у красавіку 2013 года і тычыўся цэнаў у памежным Беластоку, які часта наведваюць беларусы.

«Пасля звальнення ён на нас ужо не працаваў і нічога не пісаў», — кажа галоўная рэдактарка «Вечернего Гродно» Іна Максімчык.

Ганарыўся тым, што служыў у спецназе

Вядома, што ў 2002—2003 гадах Юрый служыў у 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. Гэтая частка лічыцца самай элітнай у беларускіх узброеных сілах. У часы СССР брыгада належала ГРУ.

На старонцы ў «Одноклассниках» поўна фотаздымкаў, дзе Юрый пазіруе з рознымі відамі зброі.

КДБ гэтую справу не каментаваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?