На фоне нарастаючых праблем у эканоміцы палітолагі загаварылі аб магчымым пераносе наступных прэзідэнцкіх выбараў на больш ранні тэрмін. Логіка простая: пакуль новы крызіс не пачаўся, а рэйтынг афіцыйнага лідэра на часовым ўздыме з-за ўкраінскіх падзей, ёсць рацыя правесці выбарчы рытуал без лішніх рызык.

Заканадаўства такія паўнамоцтвы ўладдзе дае: выбары прэзідэнта павінны прызначацца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў да канца яго чарговага тэрміну, але абмежаванняў па тым, як рана можна праводзіць выбары, няма.

Ды і ёсць адпаведны вопыт. У снежні 2005 года парламент сабраўся на незапланаванае пасяджэнне на наступны дзень пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным і аператыўна прызначыў выбары на чатыры месяцы раней чаканага тэрміну

Тады, запэўніваюць эксперты, Лукашэнка спалохаўся ланцужка каляровых рэвалюцый у постсавецкіх краінах (у 2003 годзе — у Грузіі, у 2004-м — ва Украіне, у 2005-м — у Кыргызстане) і вырашыў зблытаць карты апазіцыі, скараціўшы час на падрыхтоўку да кампаніі для толькі што абранага адзіным кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча.

Ці ёсць прычыны для падобнага страху цяпер?

Без падачак не дацягнем

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы перакананы, што новы крызіс сапраўды не за гарамі: «Ні я, ні хто іншы з эканамістаў, з якімі я размаўляў, не верыць, што да выбараў атрымаецца дацягнуць без чарговага крызісу. Маштабы дысбалансаў ўжо становяцца параўнальнымі з тым, што было перад крызісам 2011 года».

Па словах суразмоўцы,

без экстраных мер, то бок мільярдаў даляраў, якія «трэба знаходзіць, каб кідаць іх у топку», крызіс павінен здарыцца ў другой палове гэтага года.

Адна з галоўных праблем — пастаянны дэфіцыт рахунку бягучых аперацый, выправіць які ў кароткатэрміновай перспектыве магла б рэзкая дэвальвацыя, але ўлады прынцыпова адмаўляюцца ад яе.

Да таго часу, пакуль гэтая дзірка захоўваецца, адзначае Чалы, «трэба пастаянна знаходзіць грошы на праяданне, хоць бы для таго, каб падтрымліваць у стацыянарным рэжыме гэтую ўстойлівую макраэканамічную нераўнавагу».

«Рана ці позна грошы не знойдуцца, таму што іх трэба шмат: чатыры мільярды даляраў на год павадле аптымістычных ацэнак, з улікам паспяховай прыватызацыі і намечаных вынікаў па прыцягненни прамых замежных інвестыцый», — тлумачыць эканаміст.

Расія становіцца непрадказальнай

Не будзем доўга гадаць, хто можа даць Беларусі грошай. Адносіны з ЕС замарожаныя, а МВФ незадаволены, што яго мінулы крэдыт быў выдаткаваны без прыкметных рэформаў. Застаецца вечны спонсар — Масква.

Адабраўшы ва Украіны Крым, Расія пасварылася з Захадам і напалохала суседзяў, а яе грамадства імкліва ўпадае ў імперскі чад. Усё гэта падаграваецца рыторыкай першых асоб аб «рускім свеце», які нарэшце збіраецца пад крылом Масквы, і тэлевізійнай прапагандай нябачанага дагэтуль маштабу.

Трэба аддаць належнае Аляксандру Лукашэнку, дыпламатычных здольнасцяў якога хапіла на тое, каб не пасварыцца ні з Кіевам, ні з Масквой. Аднак беларуска-расійскія адносіны вызначаюцца ўжо не гэтым фактам, а тым, якую стратэгію працы з саюзнікамі абярэ Крэмль.

З аднаго боку, гэта можа быць размова з пазіцыі сілы. Палітолаг Юрый Дракахруст лічыць, што

настроі, якія зараз пануюць у Расіі, неспрыяльныя для беларускага кіраўніцтва.

«Расія цяпер у такім нацыяналістычным ўзбуджэнні, што шэраг пытанняў: льготы, крэдыты, прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў — будзе вырашацца не на карысць Беларусі. Таму што размова будзе будавацца такім чынам: « Хлопцы, вы не хочаце па-добраму? Мы паказалі вам, як мы можам па-дрэннаму», — лічыць эксперт.

Зрэшты, магчымая і іншая тактыка. Паказаўшы зубы, расійскае кіраўніцтва можа пайсці на перакананне сваіх бліжэйшых саюзнікаў у тым, што ім няма чаго баяцца, а Еўразійскі саюз — па — ранейшаму добраахвотны і прывабны праект. Магчыма, абяцанне паставіць замоўленыя Менскам 23 млн тон нафты ў 2014 годзе — першы крок з гэтага шэрагу.

Акрамя таго, расце роля Беларусі як саюзніка для Расіі пасля таго, як апошнюю паступова ізалююць на сусветнай арэне. А за падтрымку ў цяжкія часы трэба плаціць.

Але тут не варта забываць, што грошы цяпер патрэбныя і ў самой Расіі, эканоміку якой падкошваюць рэцэсія, заходнія санкцыі, масавыя ўцёкі капіталаў і незапланаваныя выдаткі на Крым. Грошай на падтрымку беларускай стабільнасці можа проста не хапіць.

Якое рашэнне пад дзеяннем гэтых супярэчлівых фактараў прыме Масква, невядома. Асабліва, улічваючы, што прагназаванне яе паводзінаў у апошні час плаўна становіцца справай хутчэй псіхолагаў, чым палітолагаў або эканамістаў.

Перанос выбараў: за і супраць

Юрый Дракахруст лічыць больш ранняе правядзенне прэзідэнцкіх выбараў магчымым: «Вопыт паказвае, што, хоць галасы лічацца своеасабліва, выбары праводзяцца на лакальным піку дабрабыту».

На яго думку, улада не схільная рызыкаваць, хоць і мае ўвесь інструментар забеспячэння патрэбнага выніку, а моцнага альтэрнатыўнага кандыдата апазіцыя па розных прычынах прапанаваць не ў стане.

«Улады зыходзяць з прынцыпу, што лепш не выпрабоўваць лёс. Часам справа не ў выбарах, а сам па сабе выбарчы працэс награвае атмасферу і дае канал напрамкі гэтай актыўнасці», — тлумачыць палітолаг.

Валерый Карбалевіч адзначае, што

на набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў таксама працуе ўкраінскі фактар: «Сёння насельніцтва напужанае падзеямі ва Украіне і гатова заплюшчыць вочы на эканамічную сітуацыю ў краіне, а галоўным чынам звяртаць увагу на праблему бяспекі. Узрос запыт на моцную руку».

Сакавіцкае апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс) пацвярджае, што рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі вырас насуперак эканамічным праблемам.

Але ўкраінскі фактар не вечны, яго эфект будзе паступова выцясняцца зніжэннем ўзроўню жыцця. А значыць, верагодна, ёсць сэнс каваць жалеза, пакуль горача.

Аднак ёсць аргументы і супраць, перакананы Карбалевіч:

«Набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў трэба неяк патлумачыць народу, значыць трэба прызнаваць, што Лукашэнка чагосьці баіцца. А ён прэзентуе сябе палітыкам моцным».

Ды й потым, трэба ж яшчэ знайсці грошы на перадвыбарчыя пернікі электарату. Да 4 млрд даляраў можна атрымаць, калі Мінск даможацца ад Масквы адмены механізму вяртання з 2015 года экспартных пошлін на нафтапрадукты з расійскай нафты. Але гэтыя грошы паступяць не адразу, іх трэба будзе збіраць патроху кожны месяц, каб адчувальна падняць зарплату на фоне стагнуючай эканомікі.

У выніку ўлада трапіла ў вельмі далікатную сітуацыю. Часу для структурных рэформаў эканомікі, так каб выкліканыя імі рэйтынгавыя раны загаілася да выбараў, ужо няма, а дацягнуць да іх без страт не атрымліваецца. Афіцыйны лідэр павінен вырашыць у бліжэйшы час складаную дылему.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?