На сёньняшняй прэс‑канфэрэнцыі заяўнікі Сацыяльнага маршу 4 лістапада канстатавалі, што ў акцыі будзе некалькі ачагоў.

Старшыня аргкамітэту Сацыяльнага маршу Валеры Ўхналёў адзначыў, што акцыя ўжо выйшла на фінішную прамую, да яе правядзеньня засталося ўсяго тры дні, таму сёньня ўжо можна гаварыць пра яе станоўчыя і адмоўныя моманты. Да станоўчага сп.Ухналёў аднёс тое, што ў падрыхтоўцы Сацыяльнага маршу прымаюць удзел усе суб’екты аб’яднаных дэмакратычных сілаў, а таксама, што быў дадзены афіцыйны дазвол менскіх гарадзкіх уладаў. Да адмоўных — спроба блякаваньня ўсялякай інфармацыі пра акцыю (канфіскацыя ўлётак, затрыманьні актывістаў, уціск у школах і ВНУ). Ухналёў паведаміў, што аргкамітэт зьвяртаўся ў дзяржаўныя СМІ, каб даць там абвестку пра марш, але станоўчага адказу нідзе не было атрымана.

Дарэчы, акурат учора прайшло паседжаньне арганізацыйнага камітэту Сацыяльнага маршу. У яго заяўнікаў няма адзінства адносна месца і часу правядзеньня акцыі.

Намесьнік старшыні «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч заявіў, што значная частка людзей у любым выпадку выйдзе на Кастрычніцкую.

«У нас адны патрабаваньні, розьніца толькі ў тым, што частка людзей зьбярэцца а 12 ля Акадэміі навук, а мы зьбяромся а 14 на Кастрычніцкай плошчы. Моладзь стамілася ад паходаў на Бангалор, яна ня хоча па трынаццаць гадоў сядзець у апазыцыі, мы хочам больш рашучых дзеяньняў. Я не выключаю, што гэта можа стаць нейкай авантурай з нашага боку, бо ніхто ня ведае, колькі людзей выйдзе на акцыю, але мы мусім ісьці на Кастрычніцкую. Абяцаю, што з нашага боку будзе шмат сюрпрызаў 4 лістапада», — сказаў Міхаіл Пашкевіч.

Не зьбіраюцца ісьці да Бангалору таксама адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў, Ігар Рынкевіч (БСДП), лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч сказаў, што таксама прыйдзе на Кастрычніцкую:

«Я прыйду туды з той мэтай, каб аб’яднаць дзьве калёны дэманстрантаў».

Міхаіл Пашкевіч выказаў таксама прапанову наступныя мітынгі і шэсьці апазыцыі праводзіць ня з цэнтру на ўскраіну, а наадварот. Здалося, што прапанову падтрымалі і старэйшыя лідэры партыяў.

Заяўнікі вялі перамовы зь некаторымі ўладоўцамі адносна іх удзелу ў Сацыяльным маршы, але ніхто зь іх не згадзіўся.

Арганізатары спадзяюцца, што на Сацыяльны марш выйдзе прыкладна такая ж колькасьць людзей, як 14 кастрычніка на Эўрапейскі.


Галоўны рэдактар газэты "Товарищ" Сяргей Вазьняк

Віктар Івашкевіч, Сяргей Вазьняк, Валер Ухналёў

На пярэднім пляне Міхаіл Пашкевіч
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?