Прадстаўнікі Блізкага Усходу, Афрыкі і Каўказа ў мінулыя выхадныя дні на розных кірунках паспрабавалі парушыць мяжу Беларусі з краінамі Еўрасаюза. 

Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, галоўным чынам парушальнікі дзейнічалі парамі, а ў Браслаўскім раёне 18 красавіка пагранічнікі затрымалі за паўтара кіламетра ад лініі мяжы адразу семярых грамадзян Сірыі — дзве сям'і з адным і двума дзецьмі. Дарослыя не ўтойвалі, што збіраліся незаконна перайсці беларуска-латвійскую мяжу для далейшага руху ў краіны Заходняй Еўропы. Парушальнікі дзяржмяжы прыцягнуты да адказнасці і выдвараны за межы пагранічнай зоны. 

Двое грамадзян Алжыра і двое Грузіі былі затрыманы 18 красавіка ў пагранічнай зоне ў Ашмянскім раёне. У першых пры сабе былі рукзакі, фотаапарат, грошы. А выхадцы з Каўказа ў памежжа традыцыйна прыехалі на таксі з Мінска. Для высвятлення ўсіх акалічнасцяў іншаземцы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. 

З трыма грамадзянамі Камеруна будуць разбірацца супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі РУУС Фрунзенскага раёна Мінска за парушэнне правіл знаходжання на тэрыторыі Беларусі. Выхадцаў з Афрыкі падчас мерапрыемстваў міграцыйнага кантролю аператыўныя супрацоўнікі атрада пагранічнага кантролю «Мінск» сумесна з прадстаўнікамі міліцыі затрымалі ў сталіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?