У Луганску «народным губернатарам» абвясцілі камандзіра так званай арміі паўднёвага ўсходу Валерыя Болатава. Гэта адбылося на закрытым пасяджэнні «народнага сходу» ў захопленым будынку ўпраўлення СБУ, — перадае Інтэрфакс-Украіна.

Паводле інфармацыі ўдзельнікаў, у «народным сходзе» прымалі ўдзел прадстаўнікі розных населеных пунктаў вобласці.

Прэсу на гэтае паседжанне не дапусцілі. Аб абранні «народным губернатарам» прадстаўнікам СМІ паведаміў сам Болатаў. 

Паводле яго слоў, перш за ўсё ён будзе збіраць каманду прафесіяналаў, якая «наладзіць працу вобласці». Таксама будзе створаны народны савет Луганшчыны. «Гэта будуць прадстаўнікі ад усіх гарадоў вобласці. Усё будзе дэмакратычна, з народам і для народа», — заявіў Болатаў.

Таксама ён сказаў, што плануе стварыць войска Луганскай вобласці, куды ўвойдуць ужо існуючыя атрады, а таксама жыхары Луганшчыны.

Акрамя гэтага, у планах у яго перападпарадкаванне ўсіх сілавых структур вобласці, у прыватнасці, судоў і МУС.

Болатаў паведаміў таксама, што цяпер дэлегаты народнага веча абмяркоўваюць магчымыя шляхі федэралізацыі Луганскай вобласці.

Да гэтага перад будынкам СБУ прайшоў мітынг. Мітынгоўцы на плошчы маліліся і заявілі, што з імі «Пуцін і Хрыстос».

«Вядучы аб'яўляе нейкая прапанова (напрыклад, звярнуцца да ўрада Крыма, каб луганскіх ветэранаў адправіць у крымскія санаторыі, або забараніць у Луганску дзейнасць партыі «Свабода» і «Правы Сектар»), і ўсё за гэта галасуюць», — адзначаецца ў паведамленні выдання 0642.ua.

Луганскае «апалчэнне» апранутае ў форму хакі. Ва ўсіх на пагонах — расійскі трыкалор, а на грудзях — савецкі значок «Ударнік камуністычнай працы».

«Мясцовы каларыт: прагаласавалі за тое, каб нацыяналізаваць ўсе прадпрыемствы, якія знаходзіліся ў дзяржаўнай уласнасці да 1991 года.

Наогул, самая галоўная мара тых, хто сабраўся — адрадзіць Савецкі Саюз», — адзначаецца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?