Таццяна Слонімская знікла 3 ліпеня 2013. Яна паехала на сваім аўто «Мазда-3» у ягады ў Мінскі раён, але не вярнулася дамоў.
Следчыя схіліся да версіі з забойствам. І 17 ліпеня былі затрыманыя два хлопцы, а на наступны дзень у лесе каля вёскі Дварэц знайшлі цела мінчанкі. Эксперты налічылі не менш за 14 удараў нажом.
А ў Маскве расійскія праваахоўнікі знайшлі аўтамабіль Слонімскай: яго прадалі забойцы па падробленых дакументах.
Затрыманыя — неаднаразова судзімыя маладыя людзі, 1992 і 1994 гадоў нараджэння.
«Следствам таксама былі выяўлены і іншыя супрацьпраўныя дзеянні падазраваных. Асноўнае абвінавачанне ім прад’яўлена ў здзяйсненні забойства пры абцяжваючых абставінах, здзяйсненні разбойнага нападу і серыі крадзяжоў, а таксама крадзяжы і знішчэнні дакументаў, выкарыстанні падробленых дакументаў», — адзначылі ў Следчым камітэце Беларусі.
Раней паведамлялася, што падазраваныя прызнаныя экспертамі адэкватнымі. А забойства не было спланаваным.