Сяргей Сідзько і Аляксандр Лукашэнка.
Сяргей Сідзько, калі быў старшынём Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў (Белкаапсаюза), аформіў на сваю дачку дом на Канарскіх астравах, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка падчас Паслання беларускаму народу і нацыянальнага сходу.
«Дайшло да таго, што старшыня Белкаапсаюза Сідзько купіў і аформіў на дачку дом на Канарскіх астравах. Напэўна, у спадзяванні, што праваахоўныя органы там яго не дастануць. За адкаты выдавалі дазволы на будаўніча-мантажныя працы, за хабары ажыццяўлялі незаконную рэалізацыю нерухомасці і зямельных участкаў. За продаж будынка ў цэнтры Менска патрабавалі хабар аж у паўмільёна даляраў, пераплюнулі нават асуджанага раней намесніка Ладуцькі — Васільева», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
***
Нагадаем, што год таму, у ліпені 2013 г. было паведамлена, што КДБ падчас правядзення мерапрыемстваў па навядзенні парадку ў будаўнічай галіне выяўлена і спынена супрацьпраўная дзейнасць групы асоб з ліку кіраўнікоў, супрацоўнікаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў (Белкаапсаюз) і прадстаўнікоў камерцыйных структур, якія займаліся вымагальніцтвам хабараў за прадастаўленне аб’ёмаў работ на аб’ектах спажыўкааперацыі, а таксама продаж інвестарам зямельных участкаў і аб’ектаў нерухомасці.
Памеры хабараў, якія патрабаваліся да перадачы за прадастаўленне магчымасці будаўніцтва і продажу нерухомасці, дасягалі $ 500 тыс.
Пры перадачы чарговай часткі хабару затрыманыя старшыня Белкаапсаюза С.Сідзько, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюза Д.Калодзезны, намеснік начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюза Э.Сізук, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структур.
«У дачыненні да згаданых асобаў заведзена 5 крымінальных спраў па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных арт. 430 і 431 КК Рэспублікі Беларусь. Падазраваныя змешчаны ў СІЗА», — распавялі тады ў КДБ.