Для большасьці з нас Каліфорнія — гэта вёска Галівуд, паліцыя Лос‑Анджэлеса з галівудзкіх фільмаў і губэрнатар Арнольд Шварцэнэгер з тварам Тэрмінатара. Гіганцкія пажары, якія на мінулым тыдні ахапілі поўдзень штату, прымусілі ўспомніць яшчэ і Санта‑Барбару, і адзін з наймоднейшых курортаў — Малібу, і шмат чаго яшчэ.

Санта‑Барбара

У сьвядомасьці савецкіх людзей назва гэтага мястэчка моцна зьвязалася з назвай мыльнай опэры, якую савецкае тэлебачаньне пачало паказваць пры канцы 1980‑х, а скончыла ў сярэдзіне 90‑х (больш за 2000 сэрыяў!) , калі СССР ужо не існавала. Таму Санта‑Барбара стала ня толькі назвай, але паняцьцем.

Памяць прысужліва падказвае назву яшчэ аднаго сэрыялу — «Багатыя таксама плачуць». Але ў дачыненьні да пажараў у Каліфорніі — дакладней, таго, што мы бачылі на тэлеэкранах, гэта гучыць банальна. Небанальна тое, як паводзіліся каліфарнійцы ў надзвычайнай сытуацыі — і багатыя, і ня вельмі багатыя. Кіназорка Шырлі Маклэйн, напрыклад, пажартавала, што ў прыгарадах Сан‑Дыега трэба зьмяніць паштовы індэкс на 911. Зоркі на тое і зоркі, каб умець жартаваць у самых, здавалася б, неспрыяльных абставінах.

На плошчы ў тысячы гектараў згарэлі каля 2‑х тысячаў дамоў, агонь забраў жыцьці 14 чалавек, матэрыяльныя страты перавысілі 1,5 мільярду даляраў. Тым ня менш, звычайныя людзі, вымушаныя перасяліцца ў часовыя лягеры для пагарэльцаў, не былі ахопленыя панікай.

На іхных тварах былі страх, разгубленасьць, стома. Але не была відна паніка. Не было ні роспачы ні гістэрыкі. Нехта сумна іранізаваў у тэлеінтэрвію, нехта шчыра і з годнасьцю распавядаў пра тое, што зь імі здарылася. Зразумела, усе пабудовы, якія згарэлі, застрахаваныя — у Амэрыцы інакш ня можа быць. І ўсе ўладальнікі страчанай маёмасьці атрымаюць кампэнсацыю. Тым ня менш, у некалькі хвілінаў страціць сваё жытло ў агні разам з нажытым скарбам — відовішча не для людзей са слабымі нэрвамі.

Найбольш уразіў эпізод, у якім адзін зь вядомых у Каліфорніі тэлекамэнтатараў у жывым этэры перадаваў рэпартаж з пажару. Гарэў ягоны ўласны дом…

Мабыць, людзі, якія нарадзіліся й жывуць у Каліфорніі, трошкі адрозьніваюцца ад іншых.

Пра філязофскі спакой, зь якім каліфарнійцы, напрыклад, успрымаюць падземныя штуршкі сілай у 3—4 балы, распавядаюць легенды. А іх, гэтых штуршкоў у Каліфорніі, якая месьціцца на гіганцкім разломе зямной кары, бываюць дзясяткі за дзень.

Несумненна, ёсьць сувязь паміж прыродным ляндшафтам і характарам народу, які яго насяляе й асвойвае. Каліфорнія — унікальны паводле разнастайнасьці прыродных умоваў штат. Тут табе й бясконцыя пляжы на ціяхаакіянскім узьбярэжжы, і высокія засьнежаныя горы, дзе жывуць мядзьведзі грызьлі, і пустыні. (У раёне адной зь іх — сумнавядомай Даліны сьмерці — кажуць, і згубіўся сьлед знакамітага вандроўніка‑аэранаўта Стыва Фосэта, які зьбіраўся зьдзейсьніць чарговы рэкордны пералёт на сваім самалёце).

Праўда, мы ня ведаем дакладна, які быў характар у індзейцаў, што спрадвеку насялялі гэтыя землі. Каліфорніяй іх назвалі гішпанскія калянізатары, якія захапілі Мэксыку.

Мала хто ведае, між іншага, што Каліфорнія — адзіны штат, у канстытуцыі якога прысутнічае слова «рэспубліка». 14 чэрвеня 1844 г. група ўзброеных амэрыканскіх пасяленцаў узьняла паўстаньне супраць мэксыканскай улады і абвясьціла «Bear Flag Republic» (альбо проста Рэспубліку Каліфорнію). Паўстаньне было абсалютна бяскроўным. Сьцяг рэспублікі з выяваю чырвонага мядзьведзя разам з чырвонай зоркай на белым тле ўпершыню быў узьняты над Лос‑Анджэлесам, Сан‑Дыега і Санта‑Барбарай.

Чырвоныя пякучыя перцы

Калі ў Каліфорніі, у раёне Сакрамэнта (цяпер сталіца штату), было знойдзенае золата, сюды рынулі шукальнікі прыгодаў адусюль. І гэта быў толькі пачатак. «Залаты штат» унікальны ня толькі паводле плошчы й насельніцтва, але ж і паводе колькасьці імігрантаў — у тым ліку, зь Кітаю і Японіі. У сярэдзіне 90‑х тут жыў кожны трэці амэрыканскі імігрант.

Для вельмі многіх, думаецца, сымбалем сучаснай Каліфорніі стаў рок‑гурт «Рэд Хот Чылі Пэперс». Цяжка ў гэта паверыць, але першы відэакліп яны выпусьцілі амаль чвэрць стагодзьдзя таму. Яны, можна сказаць, вырасьлі на нашых вачах — зь юных гарадзкіх хуліганаў у хуліганаў са стажам, у творчым багажы якіх геніяльная «Каліфарнікэйшн» і яшчэ зь дзясятак гітоў. Але нязьменнымі засталіся іхныя неўтаймаванасьць, драйв, ненатольная прага да жыцьця ва ўсёй яе поўнасьці.

Думаецца, што каліфарнійцаў хоць і ўзрадаваў, але ня надта ўразіў прылёт Джорджа Буша‑малодшага з Вашынгтону ў сувязі са стыхійным бедствам. На той момант абсяг пажараў пачаў ужо зьмяншацца, а з аказаньнем першай дапамогі насельніцтву справіўся й Шварцэнэгер. Аднак выглядае сымбалічным той факт, што Буш, які дзякаваў амэрыканскім пажарным у першы год свайго прэзыдэнцтва, калі адбылася тэрарыстычная атака на Нью‑Ёрк, мусіў зноў падзякаваць ім — за год да апошніх у ягонай кар’еры прэзыдэнцкіх выбараў.

Можна ўявіць, колькі мужнасьці і прафэсійнага майстэрства патрабуецца ад пажарных, калі ім процістаіць ня проста вогненная стыхія, але шчэ й шалёны вецер, які разьдзьмухвае полымя на дзясяткі кілямэтраў.

Мужныя дзеяньні амэрыканскіх пажарных, паліцыянтаў, людзей іншых прафэсіяў падчас надзвычайных сытуацыяў — лепшы адказ тым, хто любіць спэкуляваць на тэме 11 верасьня. Бульварная прэса не аднойчы пісала, быццам вежы Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру былі ўзарваныя ЦРУ. А каб шоў атрымалася больш эфэктным, навучылі алькайдаўцаў лётчыцкай справе і падгаварылі іх захапіць пасажырскія самалёты зь людзьмі і ўрэзацца ў хмарачосы. Гэта сапраўды дагэтуль выглядае як нейкі фантастычны фільм жахаў. Але толькі да таго моманту, пакуль не задумаесься пра лёс ахвяраў і тых, хто спрабаваў іх ратаваць цаной уласнага жыцьця.

Пра гэта акурат вельмі ня любяць пісаць у расейскай прэсе, і ня толькі жоўтай. Бо як жа тады быць са славутай амэрыканскай бездухоўнасьцю ды эгаізмам? І як патлумачыць «Норд‑Ост», калі расейскі спэцназ, адмыслова натрэніраваны, добра экіпаваны, атруціў разам з тэрарыстамі сотні закладнікаў? Ніхто дагэтуль не прызнаў сам факт бязьлітаснага зьнішчэньня ахвяраў (а можа, сьведкаў?), не назваў дакладную лічбу загіблых і ня ўзяў на сябе адказнасьць. Можа, гэта і ёсьць тая «высокая духоўнасьць», пра якую апошнім часам так шмат гавораць расейскія СМІ?

Зразумела, нельга западозрыць і заходнюю прэсу ў адсутнасьці прагі да сэнсацыяў і эфэктнай «карцінкі», як і палітычных дзеячоў Захаду — у нежаданьні рэклямы ды палітычнага піяру. Бушу, відаць, неабходна было зьявіцца ў ахопленай агнём Каліфорніі пасьля той крытыкі, якая абрынулася на фэдэральныя ўлады пасьля ўрагану Катрына, ахвярам якога ў Новым Арлеане дапамога прыйшла няхутка. Прынамсі, выступ прэзыдэнта ЗША ў Сан‑Дыега выглядаў усё ж больш натуральна, чым кадры прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанкі з лапатай на тушэньні пажару за месяц да парлямэнцкіх выбараў. Што ж, каманда ўкраінскага прэзыдэнта, мабыць, яшчэ толькі вучыцца. Але ж палітыка, вядома, заўсёды суправаджае любыя прыродныя катаклізмы ці тэхнагенныя катастрофы. Праўда, у нармальных краінах усё ж не яны вызначаюць палітыку. Успомнім сёлетнія пажары ў Грэцыі, дзе ніякая крытыка ўладаў не перашкодзіла паноўнай партыі перамагчы на дэмакратычных выбарах.

Самі катаклізмы забываюцца. Хто цяпер памятае дакладную лічбу загіблых падчас самага жахлівага ў гісторыі Паўднёвай Азіі цунамі? А вось дзеяньні людзей пры катастрофах, у тым ліку і палітыкаў, трымаюцца ў памяці даўжэй. (Так на Захадзе, напэўна, доўга яшчэ будуць памятаць словы Пуціна пра падлодку зь людзьмі на борце: «Яна патанула»).

Піяр — гэта нармальна для нашага часу. Сумна, калі ён забівае, засланяе сабой рэальнае жыцьцё. Калі на ўсіх тэлеканалах у Беларусі, напрыклад, штодня мы бачым адных і тых людзей — Лукашэнку, Пуціна, Буша. Радзей гэта могуць быць Абрамовіч, Ахмадзінежад, Чавэс.

Прынцып Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня добра сфармуляваў нядаўна яго кіраўнік А.Зімоўскі. Адказваючы на пытаньне, чаму яно так мала ўвагі надало «Эўрапейскаму маршу» апазыцыі, ён шчыра адказаў: «неглямурна». Паколькі сэнс моднага слоўца «глямур» не зусім зразумелы, варта прывесьці вызначэньне, якое даў яму расейскі пісьменьнік В.Пялевін. Паводле яго, глямур — гэта ня проста вонкавы глянец, але маскіроўка з мэтай падвысіць свой сацыяльны статус у вачах іншых людзей. Трэба, каб усе думалі, «што чалавек мае доступ да бясконцай колькасьці грошай». З гэтага гледзішча спадары Зімоўскі, Пракопаў і кампанія выглядаюць, адрозна ад лідэраў апазыцыі, цалкам глямурна.

Глямурнасьць, аднак, прасачылася і ў больш сур’ёзныя СМІ — нават на самыя лепшыя інфармацыйныя тэлеканалы ў сьвеце. Брытанскі канал Бі‑Бі‑Сі, гішпанскі «24», ці нядаўна створаны Франс‑24 альбо нават АльДжазыра на ангельскай мове хоць і адрозьніваюцца паводле сваёй унутранай ідэалёгіі, звонку ўсё больш нагадваюць адзін аднаго: паводле прынцыпаў дызайну, падачы матэрыялаў, глямурнага выгляду дыктараў.

Яшчэ нядаўна пэўная каструбаватасьць у перадачах Сі‑Эн‑Эн зь ліхвой кампэнсавалася наўпроставымі рэпартажамі зь месцаў падзеяў па ўсім сьвеце. Цяпер такіх «непрычасаных» рэпартажаў стала меней, але больш стала рэклямы. Зьявілася нават тыднёвая гумарыстычная перадача — цалкам паліткарэктная, натуральна.

Так ужо атрымліваецца, што на тле навінаў палітыкі, якія становяцца ўсё больш прадказальнымі, «усясьветны парадак» часьцей за ўсё парушае надвор’е. Яно ўпарта не паддаецца прагнозам. Стыхія і яе ахвяры, а таксама ахвяры голаду, войнаў і катастрофаў, чалавек у сваіх горшых і лепшых праявах, у сваім змаганьні са стыхіяй і сьмерцю ўсё яшчэ застаюцца неглямурнымі. А значыць, мы пакуль яшчэ жывыя. І адчуваем: рэспубліка — у агні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0