Паводле інфармацыі паліцэйскіх, ноччу прыезджыя з Беларусі ўступілі ў слоўны канфлікт з выхадцам Чачэнскай рэспублікі. Усё скончылася стральбой.

Што не падзялілі пасажыры маскоўскага метро, зараз высвятляюць следчыя. У выніку сваркі ў падземцы два чалавекі атрымалі агнястрэльныя раненні.

Тое, што страляў менавіта ён, ураджэнец Чачэнскай рэспублікі Ахмед Батаеў не адмаўляе. Кажа, адкрыў агонь з траўматычнага пісталета ў мэтах самаабароны.

«У ногі страляў. Наогул намеру не было. Спалохаць хацеў. Але калі я дастаў пісталет, яны на мяне ўжо накінуліся і пачалі пабоі наносіць», - распавёў затрыманы Ахмед Батаеў.

Па версіі затрыманага, у метро паміж станцыямі «Парк Культуры» і «Крапоткінская» чацвёра маладых людзей напалі на яго. Нягледзячы на тое, што ў позні час у вагоне было нешматлюдна, хтосьці ўсё ж паведаміў машыністу аб бойцы. Той у сваю чаргу выклікаў паліцыю.

«Каля гадзіны ночы на платформе станцыі метро «Крапоткінская» супрацоўнікі УУС на маскоўскім метрапалітэне затрымалі падазраванага, які распачаў страляніну ў вагоне электрацягніка на пралёце паміж станцыямі метро «Парк Культуры» і «Крапоткінская». У выніку адзін з пасажыраў атрымаў агнястрэльнае раненне чэрапа, пасля чаго быў накіраваны для аказання тэрміновай меддапамогі ў НДІ ім. Скліфасоўскага. У дачыненні да падазраванага абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту», - паведаміў прадстаўнік прэс-службы УУС на Маскоўскім метрапалітэне Аляксей Мышляеў.

Пазней высветлілася, пацярпелы 26-гадовы Віталь Кармялюк, як і яго трое таварышаў, прыезджыя з Беларусі. Ужо раніцай у беларускай амбасадзе паабяцалі даць сваю ацэнку інцыдэнту адразу пасля высвятлення ўсіх абставінаў.

У дадзены момант Віталь Кармялюк знаходзіцца ў інстытуце хуткай неадкладнай дапамогі імя Скліфасоўскага. Яго сюды даставілі дзесьці а палове на трэцюю ночы ў стане комы. У тэлефонных размовах лекары запэўніваюць, што робяць усё магчымае, каб іх пацыент застаўся жывы, але ад афіцыйных каментароў пакуль устрымліваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?