Няшчасны выпадак адбыўся 20 красавіка паблізу вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна.
У палове на дзявятую вечара 23-гадовы гамяльчанін на матацыкле «Сузукі» імчаўся па дарозе да Сожскага кар'ера. Пасажыркай была 24-гадовая дзяўчына. Нечакана на шляху апынуўся закрыты шлагбаум.
Заўважыўшы яго, хлопец паспеў прыгнуцца, а спадарожніца — не. Ад атрыманых траўмаў гамяльчанка памерла на месцы здарэння.
У дачыненні да матацыкліста заведзена крымінальная справа, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.
Паводле папярэдніх вынікаў стала вядома, што хлопец быў цвярозы. З сабой у яго былі неабходныя дакументы і правы на кіраванне матацыклам.
Маладыя людзі былі ў моташлемах, аднак ехалі на вялікай хуткасці.
Шлагбаум ўяўляе сабой металічную трубу, пафарбаваную ў чырвоны колер і пазначаную святлоадбіўнымі таблічкамі. Ён перагароджваў дарогу на тэрыторыю Сожскага кар'ера.