Фота аркушаў са зваротам даслалі і на мэйл «Нашай Нівы». Выглядае гэта ўсё як чыясьці грубая правакацыя.
У звароце сцвярджаецца, што Рэспубліка Беларусь — гэта «непаразуменне гісторыі». Што беларусы і рускія — гэта «адзіны народ».
Пералічваецца па пунктах, як Аляксандр Лукашэнка «перашкаджае паўнавартаснаму ўз'яднанню нашага адзінага народа». Аўтары звароту пішуць, што «гарантыяй захавання нашага адзінага народу можа быць толькі ўваходжанне ўсёй ці хоць бы ўсходняй часткі Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі ў якасці 23-й рэспублікі. Аляксандр Лукашэнка дае нам (рускім) пэўную перавагу — ніхто з міжнароднай супольнасці не будзе абвінавачваць Расію ў агрэсіі па той прычыне, што Беларусь з'яўляецца дыктатурай».
На звароце стаіць анекдатычны герб. Несур'ёзнасць звароту падкрэсліваецца тым фактам, што на тытульнай старонцы аўтары пішуць два апошнія словы выразу «Беларуская народная рэспубліка» з малых літар, а на апошняй — усё з вялікіх, «Беларуская Народная Рэспубліка».
Подпісаў пад «зваротам» няма.
Аўтары яўна парадзіруюць задумку расійскіх спецслужбаў, з падачы якіх у Данецку была абвешчана Данецкая народная рэспубліка. Купка актывістаў абвесціла аналагічныя Харкаўскую і Адэскую народныя рэспублікі. Гэта было зроблена на мітынгах з удзелам пары соцень чалавек.
У Беларусі ж няма нават пары соцень, ёсць толькі фількіна грамата з электроннай пошты.