Па інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, у сталіцы затрыманы яшчэ два гандляры сумесямі для палення.
Яшчэ месяц таму аператыўнікі выявілі сетку распаўсюду спайсаў. Кантакт паміж прадаўцом і пакупніком адбываўся праз інтэрнэт, грошы пераводзіліся на электронны кашалёк, а тавар пакідаўся ў схованцы, пра якую пасля аплаты паведамлялася кліенту.
Месяц міліцыя шукала непасрэдна прадаўцоў. У выніку іх затрымалі: гэта мінчукі 18 і 20 гадоў. Хлопцы акурат вярталіся ў Мінск з Масквы, калі іх спынілі на ўездзе ў сталіцу. У машыне знайшлі рэактывы для вырабу спайсаў, яны былі і на кватэры аднаго з хлопцаў. А таксама ў схованцы ў лесе каля вёскі Жукаў луг. Агулам у затрыманых канфіскавалі 50 грамаў рэагенту для вырабу спайсаў (кошт — каля 5 тысяч даляраў), амаль два кілаграмы гатовых сумесяў для палення (на суму каля 400 мільёнаў рублёў), а таксама 20 кілаграмаў асновы для спайсаў.
Заведзена крымінальная справа. Мінчукі знаходзяцца пад вартай. Ім пагражае ад 8 да 13 гадоў калоніі.
Нагадаем, у сакавіку ў Мінску знайшлі схованку са спайсамі і «маркамі» на дзясяткі мільёнаў даляраў.