Дом да прыезду Лукашэнкі

Дом да прыезду Лукашэнкі

Выезд Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіёны — заўсёдны стрэс для мясцовых чыноўнікаў. Падрыхтоўка тэрыторыі да візіту кіраўніка дзяржавы пачынаецца за некалькі тыдняў. Спецыяльныя камісіі па некалькі разоў на дзень абыходзяць месцы, куды можа кінуць позірк Аляксандр Лукашэнка: як бы чаго не выйшла. Бо калі той адхіліцца ад запланаванага маршруту — чакай бяды. Барысаўскія і слуцкія чыноўнікі не дадуць зманіць.

14 красавіка Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрываў у Мінску чатырохзоркавы гатэль «Рэнесанс», які пабудаваў «мільярдэр Міша» — уласнік «Раснафты» Міхаіл Гуцэрыеў.

Пачатак праспекта Дзяржынскага — ласы кавалак сталіцы. Да вакзала і плошчы Незалежнасці адсюль 1—2 км, таму офісныя і жылыя дамы тут растуць, як грыбы пасля дажджу.

Нягледзячы на прыезд кіраўніка дзяржавы, гатэль быў усё яшчэ не дабудаваны. На апошіх паверхах, куды не павялі Лукашэнку, будаўнікі працягвалі працаваць і ў наступныя дні. Рэальнае адкрыццё гатэля адбудзецца толькі ў пачатку мая.

Але самае цікавае адбывалася праз дарогу ад «Рэнесанса». Насупраць гатэля — паркавая зона, больш падобная на пустку, пасярод якой засталіся два будынкі.

Адзін з іх — стары двухпавярховік, пакоі якога падзеленыя паміж дробнымі арганізацыямі. Глядзіцца ён няважна, але, у адрозненне ад суседняга будынка, хаця б прыкрыты дрэвамі.

А вось «сусед»… У рэестры Нацыянальнага кадастравага агенцтва хатка па адрасе Розы Люксембург, 89а апісаная надзвычай удала: «будынак нявызначага прызначэння». Складаецца ён з трох сенцаў, трох хлявоў ды туалета на двары.

За некалькі дзён да прыезду Лукашэнкі будынак раптоўна змяніў выгляд.

Дзве сцяны ператварыліся ў… яркі зялёны лес, яшчэ адна «стала» цаглянай і займела акуратныя акенцы. Намаляваныя. Шырмы глядзяцца ненатуральна, але, па меркаванні чыноўнікаў, больш выйгрышна, чым рэальнасць.

Паводле дакументаў, у хатцы засядае загадкавае СТАА «Ліўбел». Летам 2010 года гэтая нікому невядомая кампанія атрымала ад Мінгарвыканкама ўчастак пад будаўніцтва дома. Гарадскія ўлады вырашылі нават не праводзіць фармальны аўкцыён з гэтай нагоды.

20-павярховік мусіў паўстаць на той самай пустцы насупраць гатэля «Рэнесанс».

Калі Камітэт дзяржкантролю даведаўся, што кампанія сабралася будаваць офісны цэнтр і толькі некалькі паверхаў пакінуць пад кватэры, праект замарозілі. А «Ліўбел» прапаў. Ніводзін з нумароў кампаніі не адказвае, а наведвальнікаў чакаюць замкнёныя дзверы. Хто паклапаціўся пра выгляд хаткі і ператварыў яе ў лес, застаецца невядомым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?