Удзельнікі сьвяткаваньня Хэлоўіну, якія ўчора былі затрыманыя ў сталічным ЦУМе, зараз знаходзяцца ў спэцпрыёмніку‑разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Сёньня зранку іх прывозілі да будынку суду Савецкага раёну Менску і пратрымалі ў машыне некалькі гадзін. Пасьля таго, як судзьдзя запатрабавала ад міліцыянтаў перарабіць пратаколы, машына з затрыманымі зноў паехала ў РУУС. Як высьветлілася, міліцыянту ў пратаколах не ўказалі сьведак правапарушэньня.

Адміністрацыйныя справы Юрася Шаліна, Тацьцяны Лашкаровай, Андрэя Кіма і Валянціна Сакалоўскага разглядае судзьдзя Савецкага раённага суду Аксана Ралява.

Напрыканцы працоўнага дня затрыманых прывезьлі ў суд, дзе яны падалі хадайніцтвы аб прадстаўленьні ім адваката. Таксама Юрась Шалін хадайнічаў аб выкліку дадатковага сьведкі. Судзьдзя Аксана Ралява задаволіла хадайніцтвы, наступнае паседжаньне было назначанае на заўтра, на 10 гадзін раніцы. Затрыманым выдалі позвы й адпусьцілі. Аднак, калі яны выходзілі з будынку суду, міліцыянты затрымалі іх у другі раз.

Як высьветлілася, міліцыянты выконвалі загад намесьніка кіраўніка міліцыі Савецкага раёну Менску Ўладзімера Сацюка. Сацюк прыняў рашэньне перавезьці ўсіх затрыманых на Акрэсьціна, бо «ня ўпэўнены ў тым, што яны з’явяцца паводле позвы».

Яраслаў Сьцешык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0