Сталі вядомымі вынікі ўручэньня расейскай прэміі Rock Alternative Music Prize (RAMP) 2007: Ролік «Ляпісаў» «Капітал» узяў прыз у намінацыі «Кліп году».

Узнагароды прэміі музычнага канала А1 уручалі ў апошні дзень кастрычніка ў маскоўскім клюбе «Б1 Maximum». У відэа‑нарэзцы пра кліп «Капітал» разважаньнямі дзяліліся такія відныя дзеячы шоў‑бізу, як прадусар «Чайфу» Дзьмітрый Гройсман, лідэр «Несчасного случая» Аляксей Кортнеў, паэтэса Маргарыта Пушкіна, музычныя крытыкі Арцемій Троіцкі, Барыс Барабанаў і Капіталіна Дзелавая. Такія нарэзкі былі пра кожнага намінанта, але, бадай, толькі ў выпадку «Капіталу» экспэрты прадэманстравалі абсалютную аднагалоснасьць — кліп спадабаўся ўсім.

Самі «Ляпісы» прыехаць не змаглі, таму за прызам у цішотцы з надпісам «ТТ‑34» выйшаў прэс‑аташэ Аляксандр Бергер.

Сяргей Міхалок глядзеў інтэрнэт‑трансьляцыю цырымоніі:

«Я лічу, што гэта, перш за ўсё, узнагарода рэжысэра Лёшы Церахава — мабыць, гэта самы альтэрнатыўны чалавек з усіх, каго я ведаю», — лічыць Міхалок. «А ўвогуле на кліпе Капітал час ставіць кропку — у нас два новых відэа на падыходзе!»

Адкрыцьцём году стаў гурт «Море», а «Underground act году» — каманда «Сакура».

Акрамя «Капіталу» на «Кліп году» прэтэндавалі, сярод іншых, Кіпелаў «Не сейчас», Animal Джаz «Три полоски», Jane Air «Супер звезда» — вельмі сур’ёзныя супернікі.

Па два прызы ўзялі Lumen («альбом году» і «гурт году») і Animal Jazz (гіт году і саўндтрэк году, за песьню да фільму «Графіці»). Лепшым замежным выканаўцам у намінацыі «International Акт году» быў названы гурт Korn.

Крыху пра сам Rock Alternative Music Prize: заснаваная прэмія была ў 2005 музычным каналам А1. Сёлета была ўжо трэцяя цырымонія, адметнасьцю гэтага году сталі дзьве новыя намінацыі: «Respect RUнета» і «Отцы Рока».

Прызы ў новых намінацыях дасталіся Земфіры ў «Respect RUнэта», і Кіпелаву ў «Отцы Рока».

generation.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0