2 лістапада адзначаецца Дзень памяці продкаў — Дзяды.

Гэта час роздуму і ўспамінаў. У гэты дзень беларусы традыцыйна наведвалі сямейныя сядзібы й могілкі, парадкавалі іх перад зімой і ўспаміналі продкаў. Вясною тое робіцца на Радуніцу, восеньскае памінаньне называюць «Дзяды».

Ці прылятаюць душы нашых продкаў у нашы бэтонныя дамы? Ці вяртаюцца яны туды, дзе нішто не нагадвае пра той сьвет, у якім яны былі людзьмі? Ніхто не адкажа нам. Але чакаць дзядоў трэба. Гэтак ужо павялося, і ня намі заведзены гэты парадак. І мы кажам: Сьвятыя Дзяды, ляцеце сюды!

Што робяць на Дзяды

Перад Дзядамі заўжды мылі вокны начыста. З аднаго боку гэта – сакральны акт адкрываньня шляху сьвятлу й душам. З другога – цалкам практычная завядзёнка: па Дзядах зазвычай прыходзяць маразы.

На стале мусіць быць багата страваў. Традыцыйна яны ўвасаблялі спрадвечныя мары беларускія пра сытасьць – сыры, кілбасы, сальцісоны, кумпякі, яечня з салам. Куцьцю запраўлялі салам або маслам, варылі халадзец, пяклі бліны або варылі клёцкі «з душамі», – то бок з кавалачкамі сала, мяса або фаршу ўсярэдзіне. Кавалачак такога бліна ці клёцкі кладзём на асобную талерку дзядам.

Хіба не абысьціся бяз чаркі. Але абавязкова й для дзядоў.

Трэба й сьвечка. Добра, калі з храму.

Некалі спраўлялі Дзяды Масьленыя, Мясаедныя, Стаўроўскія, Стрэчанскія, Поставыя (перад Вялікім постам). На Палесьсі дзядоў асобна памінаюць у пятніцу, а бабаў – у суботу. Шмат традыцый ужо ня вернеш. Ня кожнага разу ёсьць магчымасьць пад’ехаць на самыя магілы, а нават і на тыя нашы малыя беларускія бацькаўшчыны, родавыя котлішчы. Але заўсёды ёсьць магчымасьць пабыць сам-насам і паразважаць. Хоць бы над старымі фатаздымкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?