У Беларусі свабода па ўзоры Украіны прывядзе да з'яўлення мноства прарасейскіх сілаў. Такое меркаванне журналістам выказаў былы савецкі дысыдэнт беларус Міхаіл Кукабака, які 24 красавіка выступіў на адкрытай сустрэчы ў Мінску, куды прыехаў упершыню за апошнія 15 гадоў.

Кукабака жыве ў Маскве, аднак увесь час сочыць за падзеямі ў палітычным жыцці Беларусі. Ён адзначыў, што «крытычна» ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі, але не падтрымлівае санкцыі ў дачыненні да палітычнага кіраўніцтва краіны.

«У сённяшніх умовах, калі не лічыць залішне суровых пакаранняў, ён [Лукашэнка] трымаецца максімальна, наколькі гэта магчыма, аптымальных варыянтаў [развіцця Беларусі], — сказаў Кукабака. — Паглядзіце, што адбываецца з Украінай. Калі б у Беларусі аб'явіць такую свабоду, як ва Украіне, то з'явілася б куча прарасейскіх партый».

Па словах былога дысыдэнта, прэзідэнта Беларусі трэба «хоць бы фармальна паважаць», таму «дапускаць абразы» ў яго адрас, лічыць ён, «непрыстойна».

«Ён, як можа, змагаецца за суверэнітэт Беларусі, — перакананы Кукабака. — Так, трэба яго крытыкаваць за рэпрэсіі, турмы, прапаноўваць яму больш аптымальныя варыянты вядзення гаспадаркі, але спрабаваць дамагацца эканамічнага ці палітычнага байкоту (санкцый) — гэта непрымальна. Я катэгарычна супраць байкоту».

Беларускі дысідэнт упэўнены, што кіраўнік дзяржавы «павінен мець абсалютную свабоду разам з гаспадарнікамі наведваць і глядзець, як працуюць фермы ў Галандыі, вытворчасць, напрыклад, у Нарвегіі».

«Нармальны чалавек дыалектычны, у яго з'яўляецца новая інфармацыя, веды, факты, ён змяняе свае перакананні. А калі яго затыкаюць, як гаворыцца, за жалезную заслону, ён можа ўсё жыццё існаваць без зменаў,»не прыходзячы ў свядомасць», — дадаў Кукабака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?