26 красавіка ў Мінску прайшла традыцыйная акцыя дэмакратычнай грамадскасці «Чарнобыльскі шлях - 2014», прымеркаваная да 28-х угодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама супраць будаўніцтва АЭС пад Астраўцом.

Паводле падлікаў журналістаў «Нашай Нівы» ў акцыі і шэсці, якое прайшло ад кінатэатра «Кастрычнік» па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, узялі ўдзел каля 700 чалавек.

На плошчы Бангалор большасць удзельнікаў адмовілася заходзіць за металічныя турнікеты і мітынг слухалі некалькі дзясяткаў чалавек.

Падчас акцыі былі затрыманыя грамадскі актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў, які прыйшоў на акцыю ў майцы «Лукашэнка сыходзь», грамадскі дзеяч Леанід Смоўж, а таксама чалавек па імені Мікалай. За імі ў тралейбус селі асобы ў цывільным, а перад тралейбусам падагналі сіні мікрааўтобус, куды пасадзілі затрыманых.

18:27

Мітынг скончаны.

18:25

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што «Чарнобыльскі шлях» — гэта «голас вольнай Беларусі ў абарону беларускай нацыі». Чарнобыль, паводле яго слоў, і па гэты дзень працягвае забіваць беларусаў: «Сёння нам прыходзіцца есці прадукты з заражаных зямель, мы не атрымліваем належнай дапамогі, інфармацыя замоўчваецца».

Паводле БелаПАН, лідар Партыі БНФ запатрабаваў ад беларускіх уладаў «пачаць рэальныя дзеянні, каб выратаваць беларусаў». Ён заявіў аб ядзернай небяспецы з боку Расіі: па-першае, будаўніцтва ў Беларусі АЭС; па-другое, верагоднасць размяшчэння ядзернай тактычнай зброі на самалётах, патэнцыйная атака расійскіх войскаў на ядзерныя аб'екты на тэрыторыі Украіны ў выпадку вайны, пералічыў палітык.

Удзельнікі мітынгу прагаласавалі за рэзалюцыю пад назвай «Не атамнай пагрозе! Не дамо свой край, краіну, планету зрабіць новым Чарнобылем!».

Рэзалюцыя змяшчае наступныя патрабаванні:

— Неадкладна спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС, а таксама распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага бяз'ядзернага развіцця Беларусі;

— раскрыць інфармацыю аб наступствах Чарнобыля ў Беларусі, спыніць гаспадарчае асваенне і засяленне забруджаных тэрыторый, аднавіць дзеянне закона «Аб сацыяльнай абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС», прынятага ў 1991 годзе;

— вывесці з тэрыторыі Беларусі расійскія самалёты, здольныя несці на борце тактычнае ядзернае ўзбраенне, а таксама выконваць нейтральны бяз'ядзерны статус, як загадвае Канстытуцыя Беларусі;

- Даць магчымасць грамадзянам самім вырашаць, якімі будуць іх навакольнае асяроддзе, горад і краіна. Правесці дэмакратычныя рэформы, забяспечыўшы свабоду слова, сходаў, стварэння грамадскіх арганізацый і палітычных партый, правядзенне свабодных і празрыстых выбараў. Вызваліць усіх палітвязняў.

«Мы за бяз'ядзерны свет! Мы за устойлівую і бяспечную энергетыку! Мы за энергетычную незалежнасць Беларусі! Не АЭС! Не вайне!», — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі «Чарнобыльскага шляху».

18:12

Цяпер выступае старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

18:01

Мітынг пачаўся. Яго слухаюць каля 50 чалавек.

Першым выступае прафесар Лепін.

18:00

Тым часам праваабаронца Наста Лойка паведміла, што грамадскі актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў, Леанід Смоўж са Стабўцоў і яшчэ адзін чалавек (імя высвятляецца) былі затрыманыя ў тралейбусе.

17:56

Мітынг пакуль так і не пачаўся. Кажуць, што затрымаілі гукаўзмацняльную апаратуру.

Каля сцэны стаіць некалькі дзясяткаў чалавек.

17:47

Па інфармацыі «Нашай Нівы», гомельскага актывіста Юрыя Рубцова, які прыйшоў на акцыю ў майцы «Лукашэнка сыходзь», і яшчэ некалькіх чалавек, супрацоўнікі ў цывільным давялі да тралейбуса і селі ў яго разам з ім.

Перад тралейбусам едзе сіні мінівэн. Ёсць верагоднасць, што гэтыя ўдзельнікі акцыі будуць затрыманыя.

17:42

За рамкі праходзяць лічаныя дзясяткі чалавек, большасць стаіць вакол. Ніна Багінская кажа: «Не пойдзем у рэзервацыю» (за металічныя рамкі).

17:31

Дэманстранты дайшлі да парку Дружбы народаў, дзе мае адбыцца мітынг.

Стаяць перад металічнымі рамкамі. Міліцыя паволі ўсіх прапускае, пільна разглядаючы плакаты.

Відавочна, што не ўсе пойдуць на плошчу Бангалор.

16:56

Шэсце перайшло вуліцу Я. Коласа і набліжаецца Сурганава да вул. Багдановіча.

16:52

Грамадскі актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў, які на Дзядах у лістападзе быў ў майцы «Лукашэнка сыходзь» (за што быў арыштаваны), прыйшоў у новай майцы.

Спераду напісана «Лукашэнка сыходзь», а ззаду «Арыштуйце мяне. Падстава? Я супраць Лукашэнкі»

16:51

Галава калоны шэсця, у якім бярэ каля 700 чалавек, дайшла да вуліцы Я. Коласа, шэсце значна расцягнулася. Прахожыя фатаграфуюць на мабільнікі. Некаторыя аўтамабілісты пасігналілі.

16:33

Шэсце пачалося. У ім бярэ ўдзел каля 700 чалавек. Людзі ідуць па тратуары вуліцай Сурганава.

Перыядычна б'юць у звон і скандуюць «Жыве Беларусь!», «Не — АЭС». Перыядычна — «Слава Украіне — Героям Слава».

16:27

Уключылі аўдыёзапіс 1986 г. паведамлення пра катастрофу на ЧАЭС.

Прыйшоў экс-кандыдат у прэзідэнты, пісьменнік Уладзімір Някляеў.

Людзі чакаюць пачатку шэсця.

на фота — эколаг Таццяна Новікава

на фота — эколаг Таццяна Новікава

16:25

Жанчыны спяваюць гімн «Магутны Божа».

Усе рыхтуюцца да шэсця. Прынеслі чарнобыльскі звон, у яго перыядычна б'юць, наперадзе трымаюць ікону Чарнобыльскай Божай Маці аўтарства Алеся Марачкіна.

16:22

Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што сёння (дарэчы 25-ы ЧШ), будуць ставіцца праблемы не толькі наступстваў Чарнобыльскай АЭС, але і сённяшнія пагрозы атамнага будаўніцтва, у прыватнасці, будаўніцтва Астравецкай АЭС, у тым ліку.

Людзі, дарэчы, трымаюць плакат «Нет — самострою Астравецкай АЭС)

16:11

Зараз сабралася каля 300 чалавек. Кожны ўдзельнік акцыі трымае па шарыку.

Два чалавекі стаяць з плакатамі «Свабоду (анархісту) Яўгену Васьковічу».

З'явіўся лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Шмат людзей трымае сцягі на плячах, а не на вудзілішчах. Ёсць адзін украінскі сцяг.

Адзін чалавек трымае плакат «Еўразійскі саюз — новы Чарнобыль»

16:00

Людзі трымаюць расцяжкі «Нет другому Чернобылю», «За незалежную Беларусь»

Пакуль выглядае ўсё вельмі прыгожа, партыя БНФ раздае кожнаму па жоўтаму шарыку, што сімвалізуе радыяцыю.

Каля кінатэатра «Кастрычнік» сабралася каля 200 чалавек. Да пачатку шэсця засталося паўгадзіны.

15:54

Прыйшлі прадстаўнікі Партыі БНФ раздаюць жоўтыя шарыкі з сімволікай радыяцыі. Прыйшлі Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч, Зміцер Салошкін.

Таксама прынеслі ікону «Чарнобыльская Божая Маці». Людзей пакрысе прыбывае.

15:50

Каля кінатэатра «Кастрычнік» — 50-80 чалавек, з'явіліся тры першыя сцягі: два бел-чырвона-белыя, адзін сцяг БХД.

Прысутнічаюць лідары БХД Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка.

***

Сёння — 28-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (26 красавіка 1986).

Дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначае сумныя ўгодкі сёння традыцыйным «Чарнобыльскім шляхам».

Збор удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» абвешчаны на 16.00 каля кінатэатра «Кастрычнік» (ст. метро «Акадэмія навук». Шэсце пачнецца ў 16.30, а мітынг у парку Дружбы Народаў пройдзе з 17.30 да 18.30.

Арганізатары спрабавалі змяніць маршрут акцыі, прайшоўшы ад кінатэатра «Кастрычнік» вуліцамі Якуба Коласа і Лагойскім трактам у Курапаты, але Мінгарвыканкам не дазволіў, адправіўшы звыклым маршрутам.

«Наша Ніва» будзе весці анлайн з месца падзей.

Напярэдадні акцыі былі затрыманыя некалькі грамадскіх актывістаў, у тым ліку Зміцер Дашкевіч, Максім Вінярскі, Ілля Дабратвор, Аляксандр Францкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?