У Магілёве 26 красавіка каля паўтара дзясяткаў актывістаў дэмакратычнай апазіцыі ўзялі ўдзел у акцыі, прысвечанай ахвярам Чарнобыля, каля памятнага крыжа блізу Паўднёва-Усходніх (Лаўсанаўскіх) могілак. 

Нагадаем, сёння ў Магілёве ў пасёлку Любуж каля мемарыяльнага знака «Ахвярам Чарнобыля» таксама прайшоў афіцыйны жалобны мітынг, прысвечаны 28-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 

Як паведаміў на акцыі апазіцыі старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў, цяперашнія ўлады не дапускаюць да ўдзелу ў акцыі ў Любужы сваіх палітычных апанентаў, баючыся іх выступленняў. «Часта нашы спробы ўзяць удзел заканчваліся затрыманнямі, нягледзячы на тое, што, у прыватнасці, наша арганізацыя з'яўляецца зарэгістраванай, таму мы праводзім сваю акцыю каля крыжа памяці блізу могілак», — расказаў Шанцаў. 

Ён таксама зазначыў, што пасля Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусь прыйшла новая бяда — будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Паводле слоў Шанцава, новая электрастанцыя будуецца па неапрабаваным расійскім праекце, з высокай аварыйнасцю, дрэннай надзейнасцю. Таксама не было праведзена ніякіх грамадскіх дыскусій наконт гэтага будаўніцтва, указаў Шанцаў, падкрэсліўшы, што Беларусь усё больш трапляе пад залежнасць ад Расіі. 

Прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый, якія прыйшлі на акцыю, усклалі кветкі да памятнага крыжа, быў прачытаны малебен. Мерапрыемства, якое пачалося каля 12.00, працягвалася недзе паўгадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?