Дэпутат расійскай Думы ад партыі Жырыноўскага Раман Худзякоў накіраваў зварот генпракурору Расеі Юрыю Чайку з просьбай праверыць выказванні саліста беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкой» на канцэрце ў Іжэўску. Там Сяргей Міхалок, як пісалі СМІ, выгукваў словы «Слава Украіне!» і сварыў «імперскіх імбецылаў».

Паводле словаў дэпутата, «трэба забараніць гэтай групе наогул выступаць на эстрадзе» ў Расіі.

«Мы просім пакараць яго па ўсёй строгасці закона, — цытуе дэпутата газета «Ізвестія», якая належыць «Газпрому». — Бо гэта як мінімум нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы. Няхай пракуратура разбіраецца, якое ў яго грамадзянства, магчыма, ён стане персона нон грата для Расіі».

Дэпутат у звароце адзначыў, што Сяргей Міхалок — грамадзянін Беларусі, а ў Маскве ён «хаваецца ад пракурорскай праверкі, якая праводзіцца ў дачыненні да яго беларускай Генеральнай пракуратурай». На самой справе праверка не выявіла складу злачынства ў выказваннях. Яна праводзілася з нагоды выказванняў Міхалка з асуджэннем дыктатуры ў Беларусі і Лукашэнкі.

«Ізвестія» цытуюць прэс-аташэ гурту Аляксандр Бергер, які пасля канцэрта заявіў, што не бачыць падстаў расцэньваць выказванні Міхалка як абразлівыя. «Ад імя групы «Ляпіс Трубяцкой» хачу папрасіць прабачэння ў імбецылаў, а таксама родных і блізкіх людзей, якія жывуць з гэтай цяжкай хваробай. Мы не хацелі іх пакрыўдзіць», — прыводзіць газета ягоныя словы.

Прадзюсар гурту Яўген Калмыкоў ў размове з выданнем абверг інфармацыю пра тое, што інцыдэнт адбыўся ў Расіі. «Мы не разумеем, што адбываецца, бо ў Іжэўску не было такога. Гэта не з Іжэўска. Гэта з Германіі, дзе Міхалку фашысты зігавалі, потым паказалі непрыстойныя жэсты», — сказаў ён.

Сяргей Міхалок абвясціў аб роспуску гурту «Ляпіс Трубяцкой» з 1 верасня. Канцэрты «Ляпісаў» былі адмененыя ў Цюмені і Пскове. У Беларусі выступы групы забароненыя даўно. У выніку гурт збірае поўныя залы беларусаў у суседніх Вільні і Варшаве.

«Ляпісы» выступалі на Майдане. Усе апошнія альбомы гурту былі прасякнутыя ідэямі свабоды і нацыянальнага вызвалення. Песні «Воіны света, воіны дабра» і «Не быць скотам» масава спяваюць украінцы.

У Расіі разгарнулася кампанія цкавання тых грамадскіх дзеячоў і творцаў, якія асудзілі аншлюс Крыма і ўмяшанне ва Украіне. Пад удар трапілі спявак Андрэй Макарэвіч і візіянер, стваральнік Укантакце Павел Дураў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?