Тры чалавекі загінулі, яшчэ некалькі атрымалі траўмы ў выніку сутыкнення ў Бабруйску раніцай 27 красавіка турыстычнага аўтобуса з мінівэнам.
Як паведамілі у Магілёўскім абласным упраўленні МНС, ДТЗ адбылося на скрыжаванні вуліц Гагарына і Ульянаўскай. Мінівэн Seat Alhambra з вадзіцелем і чатырма пасажырамі сутыкнуўся з аўтобусам Mercedes турфірмы «Алан-тур», у якім знаходзіліся 47 чалавек — вадзіцель, экскурсавод, 43 дзіцяці — вучні СШ № 9 г. Жлобіна і двое дарослых, што іх суправаджалі.
«У сярэдзіне легкавога аўтамабіля знаходзіліся заблакіраваныя вадзіцель і двое пасажыраў (з іх адна пасажырка памерла на месцы аварыі). Дзеці і дарослыя, што іх суправаджалі, не пацярпелі, за выключэннем трох навучэнцаў, якія пасля агляду ў бальніцы былі адпушчаныя дамоў», — сказалі ва ўпраўленні МНС.
Медыкі таксама даставілі ў Бабруйскую цэнтральную бальніцу шэсць чалавек з траўмамі рознай ступені цяжкасці — вадзіцеля і трох пасажыраў мінівэна, а таксама вадзіцеля і экскурсавода, якія знаходзіліся ў турысцкім аўтобусе.
«У 10.40 у бальніцы ад атрыманых траўм памёр 65-гадовы вадзіцель аўтамабіля Seat, а ў 12.40 памерла 66-гадовая пасажырка аўтамабіля Seat», — паведамілі ў Магілёўскім упраўленні МНС.
Экскурсавод і вадзіцель аўтобуса пасля аказання дапамогі былі адпушчаны дамоў.
Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама, сутыкненне адбылося на скрыжаванні нераўназначных дарог: Seat не ўступіў дарогу аўтобусу Mercedes, які рухаўся па галоўнай дарозе. Скрыжаванне абсталявана святлафорам, але ў момант аварыі ён не працаваў з-за тэхнічнай няспраўнасці. Вадзіцелі павінны былі кіравацца патрабаваннямі дарожных знакаў, адзначаюць у ДАІ.
Турыстычнай кампаніяй «Алан-тур» быў выдзелены дадатковы аўтобус для дастаўкі дзяцей.