У мэтах захавання макраэканамічнай стабільнасці беларускім уладам трэба адмовіцца ад практыкі павышэння зарплат у гэтым годзе, заявіў кіраўнік місіі МВФ Дэвід Хофман на прэс-канферэнцыі 28 красавіка.
Для змякчэння «рызык неўпарадкаванай карэкціроўкі знешніх дысбалансаў патрабуецца неадкладна рэалізаваць больш рашучыя змяненні» ў эканамічнай палітыцы, сказаў ён.
«У прыватнасці, у мэтах стрымлівання ўнутранага попыту і скарачэння дысбалансаў мэтавае крэдытаванне неабходна скарачаць значна хутчэй, чым прадугледжваецца цяпер, і не трэба далей павышаць заработную плату ў гэтым годзе», — падкрэсліў Дэвід Хофман.
Акрамя таго, дадаў ён, ураду неабходна праводзіць дастаткова жорсткую бюджэтна-падатковую палітыку, а Нацбанку — дапускаць больш значную гнуткасць абменнага курсу, адначасова ўзмацняючы жорсткасць грашова-крэдытнай палітыкі.
«Між тым, Нацбанку трэба дакладна адсочваць рызыкі ў банкаўскім сектары, у тым ліку і ў святле росту крэдытаў, якія не абслугоўваюцца, і інтэнсіфікаваць працу па стрымліванні росту валютных крэдытаў, што выдаюцца нехеджыраваным пазычальнікам», — сказаў кіраўнік місіі МВФ.
Ён таксама адзначыў, што для стымулявання ўстойлівага росту па-ранейшаму патрабуецца рэалізацыя глыбокіх структурных рэформ у беларускай эканоміцы.
«Місія вітае нядаўнае скарачэнне колькасці тавараў, што падлягаюць цэнавому кантролю, але важна будзе падтрымаць гэтыя намаганні за кошт інтэнсіфікацыі рэформ па іншых кірунках, каб палепшыць агульнае размеркаванне рэсурсаў», — рэкамендаваў прадстаўнік МВФ.
Да канкрэтных крокаў у гэтым кірунку ён аднёс «фарміраванне плана дасягнення поўнага кампенсавання затрат за кошт тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і паслугі транспарту з дакладна ўстаноўленымі тэрмінамі рэалізацыі мерапрыемстваў».
Таксама неабходны, сказаў Хофман, «канкрэтныя крокі па скарачэнні ролі дзяржавы ў эканоміцы, што павінна ўключаць у сябе хуткую паэтапную адмову ад сістэмы абавязковых мэтавых паказчыкаў для прадпрыемстваў і планы па прыватызацыі, якія заслугоўваюць даверу».