У Мінску 29 красавіка адбылося пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў Беларусі, Казахстана і Расіі.

Да пачатку пасяджэння кіраўнікі дзяржаў амаль дзве гадзіны размаўлялі ў нефармальнай абстаноўцы па эканамічных праблемах і па некаторых пытаннях міжнароднай абстаноўкі.

Парадак дня пасяджэння ўключаў дзве важныя тэмы: праца над праектам дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе і рэалізацыя плана мерапрыемстваў, так званай дарожнай карты, па далучэнні Арменіі да Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі.

«Нам прапануюць сёння пакінуць нявырашанымі тыя праблемы, якія трэба было б вырашыць яшчэ на папярэдніх этапах. На нашу цвёрдым перакананні, мы павінны выходзіць на канкрэтныя рубяжы, адным з якіх з'яўляецца паўнафарматны Мытны саюз. Сярод яго членаў не павінна быць ніякіх абмежаванняў у руху тавараў, якімі б адчувальнымі яны ні былі», — звярнуўся Лукашэнка да ўдзельнікаў сустрэчы.

«Падыходы, якія заяўляюцца ў працэсе перамоваў, выклікаюць шмат пытанняў. Наватарскія прапановы па тэрмінах рэалізацыі дамоўленасцей праз 10 гадоў, гэта значыць да 2025 года, па меншай меры гучаць дзіўна. Калі мы не гатовыя прымаць меры цяпер, дык гэта трэба адкрыта прызнаць», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Мне здаецца, тады і гаварыць пра Еўразійскі эканамічны саюз трэба гадоў праз дзесяць, калі мы сёння не гатовыя», — адзначыў Лукашэнка.

«Нас ніхто не штурхае ў спіну, усе графікі мы ўсталёўваем самі, але, мне здаецца, ператвараць інтэграцыю ў працэс дзеля працэсу па прынцыпе: галоўнае не вынік, а ўдзел — думаю, нам гэта не трэба», — сказаў ён.

«1 студзеня 2015 мы павінны будзем адказаць на пытанні нашых грамадзян: куды мы прыйшлі, што ў выніку атрымалі нашы дзяржавы. Адказы ў нас павінны быць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў выказаў упэўненасць, што рознагалоссі на шляху стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза магчыма пераадолець.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін таксама прызнаў наяўнасць нявырашаных пытанняў па стварэнні ЕАЭС, аднак выказаў упэўненасць, што па іх можна дадаткова працаваць і знайсці кампраміс.

Па выніках пасяджэння кіраўнікі дзяржаў даручылі завяршыць прапрацоўку ўсіх нюансаў дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў бліжэйшы час, каб дакумент быў прадстаўлены на падпісанне на саміце «тройкі» у Астане 29 траўня.

Такая задача пастаўлена перад Еўразійскай эканамічнай камісіяй і ўрадамі трох краін.

У праекце дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе сфармуляваная базавая канструкцыя энергетычнага рынку, якая прадугледжвае наступнае.

Бакі дамовіліся, што не пазней за 2025 год пачнуць функцыянаваць агульныя рынкі нафты, нафтапрадуктаў, газу.

Агульны рынак электраэнергіі пачне працаваць ледзь раней за гэты тэрмін, паколькі да яго ўжо рыхтавалі на працягу двух гадоў. У 2016 годзе прэзідэнты зацвердзяць канцэпцыю па фарміраванні кожнага з гэтых рынкаў: нафты, нафтапрадуктаў, газу. У 2018 будзе зацверджана праграма па фарміраванні гэтых рынкаў.

Каб запусціць працу агульных рынкаў, спатрэбіцца падпісанне спецыяльных міжнародных дагавораў, якія прапісаны ў праекце дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Да 2025 года пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем у сферы нафты, нафтапрадуктаў і газу, будуць урэгуляваны ў адпаведнасці з дзеючымі пагадненнямі ад 2010 года і з дадатковымі двухбаковымі дамоўленасцямі, якія будуць дзейнічаць да даты фарміравання агульнага рынку.

Што тычыцца дамовы аб далучэнні Арменіі да МС і АЭП, то дакумент будзе падрыхтаваны да 1 чэрвеня і вынесены на разгляд кіраўнікоў дзяржаў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое адбудзецца 29 мая ў Астане.

У гэты ж дзень, напярэдадні саміту, адбылася двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева.

Паведамлялася, што кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі аб перспектывах стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?