Беларусь не змагла пераканаць партнёраў па ствараным Еўразійскім эканамічным саюзе адмяніць выключэнні ў гандлі нафтай.

Такім бачаць незалежныя эксперты асноўны вынік перамоў прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі ў Мінску 29 красавіка.Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка па выніках пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета паведаміў: «Пошліны на нафтапрадукты на сённяшні дзень з'яўляюцца прадметам двухбаковых дамоўленасцяў і да фарміравання агульнага рынку застануцца прадметам урэгулявання на двухбаковай аснове».

Эканаміст Сяргей Чалы падкрэсліў: «Гэта азначае, што мы нічога не дамагліся, ніякага агульнага рынку энергетычных тавараў не ствараецца. Наша пазіцыя аб тым, што не павінна быць ніякіх выключэнняў і перашкод, не прайшла».

«Выказванне аб тым, што гэтае пытанне застаецца пытаннем урадаў Беларусі Расіі, фактычна азначае захаванне сітуацыі, калі на фоне шматбаковых дамоўленасцяў заставаўся гэты дзіўны парадак паставак нафты ў Беларусь. Паколькі не сказана аб тым, калі гэты парадак зменіцца, гэта нават не пераходны перыяд», — упэўнены эканаміст.

Паводле яго даных, кампрамісным варыянтам да перамоў было не скасаванне экспартных пошлін на нафтапрадукты, а скарачэнне іх да казахстанскага ўзроўню. Аднак нават гэтае рашэнне не было прынятае, канстатаваў Чалы.

«Пытанне нават не ў выгодах, а ў прынцыпе: мы казалі, што пагодзімся на гэты саюз, калі ў ім не будзе выключэнняў, а яны тут ёсць. Упершыню мы мелі абсалютна бяспройгрышную, лагічную, непрабіўную пазіцыю. Тое, што было агучана сёння, што ў гэтым шматбаковым саюзе важная сфера застаецца на меркаванне ўрадаў, а практычна — персон, гэта проста неверагодна», — сказаў аналітык.

Чалы дадаў: «Некарэктна ставіць пытанне, што мы атрымалі б больш выгод, калі б гэтыя дамоўленасці прайшлі. Прынцыпова важна было тое, што мы выраўноўваем умовы гаспадарання з усімі астатнімі суб'ектамі, якія з'яўляюцца спажыўцамі расійскіх энергарэсурсаў».

«Нягледзячы на тое што мы ствараем гэты эканамічны саюз, глыбей якога ўжо не можа быць ніякай эканамічнай інтэграцыі па азначэнні, застаецца сфера тавараў, якая для дзвюх краін — удзельніц ЕАЭС разглядаецца як знешні гандаль. Гэта абсалютны абсурд», — перакананы эканаміст.

Дырэктар па даследаваннях «Ліберальнага клуба» Яўген Прэйгерман у каментары БелаПАН адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка не мог «рэалізаваць свае пагрозы і грукнуць дзвярамі, таму што Расія выразна настроеная рашуча, мяркуючы па кожных дзеяннях і сілавога, і несілавога характару».

«І ён разумее ўсе рызыкі, якія маглі быць услед. Цяпер дэмаршы ўспрымаліся б з падвоенай ці патроенай сілай», — лічыць эксперт.

«Хутчэй за ўсё, на ўзроўні аргументацыі гаворка ішла пра тую няпростую сітуацыю, у якой цяпер усё больш аказваецца Расія з пункту гледжання новых абавязацельстваў па тым жа Крыме. Там, паводле некаторых падлікаў, гаворка і ідзе якраз пра пяць-шэсць-сем мільярдаў долараў, гэта супастаўнае з тым, што мы маглі б атрымаць, калі б былі скасаваныя выключэнні», — адзначыў Прэйгерман.

Другой эканамічнай праблемай, што стаіць сёння перад Расіяй, эксперт назваў магчымы эфект ад заходніх санкцый. «Расія пачынае пралічваць, чым гэта ўсё можа адгукнуцца, а гэта яўна адгукнецца. Я думаю, гэты аргумент і быў цэнтральным», — падкрэсліў Прэйгерман.

«Тым больш, пералікі па нафтавых пошлінах закладзены на некалькі гадоў наперад у расійскі бюджэт. Таму і з тэхнічнага боку ў Расіі ёсць і такі аргумент», — дадаў ён.

Нагадаем, цяпер Беларусь пералічвае ў расійскі бюджэт вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты, якія экспартуюцца за межы Мытнага саюза.

У 2013 годзе Беларусь пералічыла ў расійскі бюджэт у выглядзе вывазных пошлін на нафтапрадукты 3,3 млрд. долараў. За студзень—люты 2014 года сума склала 603,1 млн. долараў.

Адказваючы на пытанні парламентарыяў 22 красавіка, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуская пазіцыя ў пытанні скасавання ўсіх выняткаў і абмежаванняў з рэжыму свабоднага гандлю застаецца прынцыповай. «Калі мы ствараем наш эканамічны саюз, аснову будучага саюза, на нас вельмі пільна ўсе глядзяць — ад Украіны да Таджыкістана. Тут не павінна быць перашкод для перамяшчэння ні капіталаў, ні працоўнай сілы — усё павінна быць як у адной дзяржаве», — сказаў ён.

«Калі гэта так, перадусім, што я скажу маім калегам і гасцям, якія 29 красавіка прыедуць у Мінск: яны хочуць ці не ствараць саюз? Калі хочаце — давайце на класічных прынцыпах яго ствараць, давайце ліквідуем усякія абмежаванні. Але калі не гатовы сёння падпісваць дагавор аб эканамічным саюзе, а прапаноўваюць: «праз 10-15 гадоў мы гэтыя пытанні вырашым», ну, тады і падпішам», — дадаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?