У Дзень памінання продкаў кіраўнікі дыпламатычных місій краін Еўрасаюза, Ізраіля і ЗША, іх сем’і і іншыя члены дыпламатычнага корпуса наведалі ўрочышча Курапаты, размешчанае на паўночна‑ўсходняй ускраіне Мінска.

Каля Крыжа пакутаў, дзе дыпламатаў сустрэлі прадстаўнікі грамадскага аргкамітэта па ўвекавечанні памяці ахвяраў сталінізму і студэнты беларускіх ВНУ, адбыўся малебен у памяць бязвінна забітых людзей,якія загінулі ва ўрочышчы ў 1937—1941 гадах. Малебен правялі праваслаўны святар Мінскага Свята‑Духавага кафедральнага сабора айцец Аляксандр Шымбалёў і рымска‑каталіцкі ксёндз‑натарыус Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Санько. Затым удзельнікі малебна выканалі духоўны гімн «Магутны Божа», а дыпламаты ўсклалі кветкі да Крыжа пакутаў і запалілі свечкі.

Гэтая цырымонія паўтарылася каля памятных знакаў палякам, яўрэям, лаўкі Клінтана і мемарыяльнага каменю са словамі «Ахвярам сталінізму», размешчанага ў самым высокім пункце ўрочышча.

На месцы пахавання 74‑х ахвяраў, сярод якіх знаходзяцца астанкі Мардэхая Шулескеса і Мойшэ Крамера (іх імёны ўстаноўлены падчас эксгумацыі 1998 года па афіцыйных бланках квітанцый, якія сведчаць, што ў 1940 годзе ў гродзенскай турме ў расстраляных былі канфіскаваныя грошы. — БелаПАН.), выступіў даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў. Паводле яго слоў, вынікі трох следстваў ва ўрочышчы пацвердзілі, што менавіта супрацоўнікі НКУС у 1937—1941 гадах праводзілі расстрэлы ў Курапатах. «Апрача грамадзян Беларусі, у 510 ямах ляжаць выхадцы з многіх краін Еўропы і ЗША», — сказаў І.Кузняцоў. Паводле яго слоў, хаця ўрочышча ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцей Беларусі як месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсій, нідзе не лічыцца і не ахоўваецца дзяржавай ніводзін з памятных знакаў, устаноўленых грамадскасцю ў Курапатах.

Навуковы кіраўнік аб’екта «Гісторыка‑культурная каштоўнасць «Курапаты» Мая Кляшторная паведаміла, што ў пачатку 1960‑х гадоў пры пракладцы газаправода праз урочышча на яе вачах з Курапатаў былі вывезены тры самазвалы касцей. Паводле яе слоў, у 2001 годзе на тэрыторыі ўрочышча праводзіліся работы па пашырэнні Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі, хаця меўся альтэрнатыўны праект пракладкі магістралі ў абыход Курапатаў. М.Кляшторная выказала спадзяванне, што з часам гэты праект будзе рэалізаваны. Яна адзначыла вялікую работу Кансерватыўна‑хрысціянскай партыі — БНФ па захаванні народнага мемарыяла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?